Дз 17
А прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была Юдэйская сынагога.
І Павал, паводле звычаю, прыйшоў да іх і тры суботы вёў гутаркі з імі з Пісаньня,
паказваючы і адкрываючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых і што: «Гэты Ісус, пра Якога я абвяшчаю вам, ёсьць Хрыстос».
І некаторыя з іх былі перакананыя і далучыліся да Паўла і Сілы, і вялікае мноства Грэкаў, якія пакланяліся [Богу], і жанчынаў першых нямала.
А Юдэі, якія не паверылі, зайздросьцячы і паклікаўшы нейкіх нягодных мужоў з плошчы, учынілі натоўп і ўзрушылі горад. І, стаўшы каля дому Язона, шукалі іх, каб прывесьці да народу.
Не знайшоўшы ж іх, пацягнулі Язона і некаторых братоў да бурмістраў, крычучы, што гэтыя сусьветныя бунтаўнікі прыйшлі і сюды,
а Язон іх прыняў, і што яны ўсё чыняць супраць пастановаў цэзара, называючы іншага валадаром, Ісуса.
І чуючы гэта, устрывожыўся натоўп і бурмістры,
але, узяўшы заклад ад Язона і рэшты, вызвалілі іх.
10  Браты ж адразу ўначы выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю, і тыя, прыйшоўшы, пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.
11  А гэтыя былі высакароднейшыя, чым у Тэсалоніцы; яны прынялі слова з усёй ахвотаю, штодня дасьледуючы Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.
12  Тады шмат з іх паверылі, і жанчынаў Грэцкіх паважаных, і мужчынаў нямала.
13  Калі ж Юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што і ў Бэрэі абвяшчаецца праз Паўла слова Божае, прыйшлі і сюды, падбухторваючы натоўп.
14  Тады браты адразу паслалі Паўла, каб ішоў быццам да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.
15  Тыя ж, што праводзілі Паўла, прывялі яго ў Атэны і, атрымаўшы прыказаньне для Сілы і Цімафея, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.
16  А калі Павал чакаў на іх у Атэнах, узрушыўся ў ім дух ягоны, бачачы горад, апанаваны ідаламі.
17  Дык ён вёў гутаркі ў сынагозе з Юдэямі і пабожнымі, і на рынку кожны дзень з тымі, з кім надарыцца.
18  Некаторыя ж з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім, і адны казалі: «Што хоча сказаць гэты баўбатун?», а другія: «Здаецца, ён прапаведуе чужыя боствы», — бо ён дабравесьціў ім пра Ісуса і ўваскрасеньне Ягонае.
19  І, узяўшы яго, прывялі ў арэапаг, кажучы: «Ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне ты распавядаеш?
20  Бо нешта незвычайнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, дык хочам ведаць, што гэта мае быць?»
21  Усе ж Атэнцы і прыйшоўшыя [туды] чужынцы ні чым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае.
22  А Павал, стаўшы пасярод арэапагу, прамовіў: «Мужы Атэнскія, з усяго я бачу, што вы быццам асабліва пабожныя.
23  Бо, праходзячы і аглядаючы месцы пакланеньня вашыя, знайшоў я і ахвярнік, на якім напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, Каго вы, ня ведаючы, ушаноўваеце, я вам абвяшчаю.
24  Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Які ёсьць Госпад неба і зямлі, не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі,
25  і не ўтрымліваецца ад рук чалавечых, быццам нечага патрабуючы, Сам даючы ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё.
26  Ён учыніў з аднае крыві кожны народ чалавечы, каб жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсьленыя часы і межы пражываньня іхняга,
27  каб шукалі Госпада, можа, дакрануцца Яго і знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,
28  бо ў Ім мы жывем, і рухаемся, і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў гавораць: “Бо мы і род Ягоны”.
29  Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Боства падобнае да золата, ці срэбра, ці каменя, назначанага майстэрствам і думкаю чалавечай.
30  Дык Бог, зважаючы на часы няведаньня, загадвае цяпер усім людзям паўсюль навярнуцца,
31  бо прызначыў дзень, у які мае судзіць сусьвет паводле справядлівасьці праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».
32  Пачуўшы ж пра ўваскрасеньне мёртвых, адны кпілі, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта другім разам!»
33  І гэтак Павал выйшаў спасярод іх.
34  А некаторыя мужчыны, якія прысталі да яго, паверылі; між імі і Дыяніс Арэапагіт, і жанчына на імя Дамар, і іншыя з імі.