Дз 22
«Мужы браты і бацькі! Паслухайце цяпер маю перад вамі абарону».
Пачуўшы, што ён прамовіў да іх на гебрайскай мове, яны больш замаўчалі і ён сказаў:
«Я сам Юдэй, народжаны ў Тарсе Кілікійскім, а ўзгадаваны ў горадзе гэтым ля ног Гамаліэля, старанна дысцыплінаваны ў Законе бацькоў, руплівец дзеля Бога, як і вы ўсе сёньня.
Я перасьледаваў шлях гэты ажно да сьмерці, зьвязваючы і аддаючы ў вязьніцу мужчынаў і жанчынаў,
як засьведчыць пра мяне і першасьвятар, і ўсе старшыні, ад якіх я, узяўшы пасланьні да братоў, пайшоў у Дамаск, каб і тых, якія там былі, прывесьці зьвязаных у Ерусалім дзеля пакараньня.
Сталася ж, калі я ішоў і набліжаўся да Дамаску, каля паўдня неспадзявана агарнула мяне вялікае сьвятло з неба.
І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які гаварыў да мяне: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?”
А я адказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” І Ён сказаў да мяне: “Я — Ісус з Назарэту, Якога ты перасьледуеш”.
Тыя ж, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, а голасу Таго, Які гаварыў да мяне, ня чулі.
10  А я сказаў: “Што мне рабіць, Госпадзе?” Госпад жа сказаў да мяне: “Устаўшы, ідзі ў Дамаск, і там будзе табе сказана ўсё, што вызначана табе рабіць”.
11  А як ад славы сьвятла гэтага я ня бачыў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку тымі, што былі са мною.
12  А нейкі Ананія, муж пабожны паводле Закону, засьведчаны ўсімі тамтэйшымі Юдэямі,
13  прыйшоўшы да мяне і стаўшы, сказаў мне: “Саўле, браце! Глядзі!” І я ў тую ж гадзіну ўгледзеў яго.
14  А ён сказаў: “Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, і ўбачыў Праведнага, і пачуў голас з вуснаў Ягоных,
15  бо ты будзеш сьведкам Яму перад усімі людзьмі пра тое, што ты бачыў і чуў.
16  І цяпер што ты марудзіш? Устаўшы, ахрысьціся і змый грахі твае, прызваўшы імя Госпадава”.
17  Сталася ж, як я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў сьвятыні, ахапіла мяне захапленьне
18  і я ўбачыў Яго, Які казаў да мяне: “Сьпяшайся і ідзі хутчэй з Ерусаліму, бо ня прымуць сьведчаньня твайго пра Мяне”.
19  А я сказаў: “Госпадзе, яны ведаюць, што гэта я арыштоўваў і біў у сынагогах тых, якія вераць у Цябе.
20  І калі пралівана была кроў Стэфана, сьведкі Твайго, і я быў [там], стоячы і згаджаючыся на забойства яго, і пільнуючы адзеньне тых, што забівалі яго”.
21  І Ён сказаў да мяне: “Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе”».
22  А яны слухалі яго да гэтага слова, і паднялі голас свой, кажучы: «Забяры з зямлі такога! Бо не належыцца жыць яму!»
23  А як яны крычалі, і кідалі адзеньне, і пыл падкідалі ў паветра,
24  тысячнік загадаў весьці яго ў табар, сказаўшы тартураваць яго, каб даведацца, дзеля якое віны гэтак крычалі на яго.
25  А калі расьцягнулі яго рамянямі, сказаў Павал да сотніка, які стаяў: «Ці ж можна вам тартураваць Рымскага чалавека, і без суду?»
26  Пачуўшы ж гэта, сотнік, пайшоўшы, паведаміў тысячніка, кажучы: «Глядзі, што ты маеш рабіць. Бо гэты чалавек — Рымлянін».
27  Падыйшоўшы, тысячнік сказаў яму: «Скажы мне, ці ты Рымлянін?» А ён прамовіў: «Так».
28  І адказаў тысячнік: «Я здабыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы». А Павал прамовіў: «А я нарадзіўся [ў ім]».
29  Дык адразу адступіліся ад яго тыя, што меліся тартураваць яго. І тысячнік спалохаўся, даведаўшыся, што ён Рымлянін і што яны былі зьвязаўшы яго.
30  А на заўтра, хочучы даведацца напэўна, у чым абвінавачваюць яго Юдэі, зьняў з яго путы і загадаў прыйсьці першасьвятарам і ўсяму сынэдрыёну іхняму, і, вывеўшы Паўла, паставіў перад імі.