Дз 6
А ў гэтыя дні, калі памножылася вучняў, сталася нараканьне Эліністаў на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні занядбоўваюцца ўдовы іхнія.
Дванаццаць жа, паклікаўшы мноства вучняў, сказалі: «Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць пры сталах.
Дык нагледзьце спасярод вас, браты, сем засьведчаных мужоў, поўных Духа Сьвятога і мудрасьці, якіх мы паставім на гэтую патрэбу,
а мы будзем трываць у малітве і служэньні слова».
І спадабалася слова гэтае перад абліччам усяго мноства, і выбралі Стэфана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіпа, і Прохара, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празэліта.
Іх паставілі перад апосталамі; і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.
І слова Божае расло, і вучні ў Ерусаліме вельмі множыліся лікам, і вялікая колькасьць сьвятароў паслухаліся веры.
А Стэфан, поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе.
Паўсталі ж некаторыя з сынагогі, называнай Лібэртынскай, і Кірэнэйскай, і Александрыйскай, і тых, што з Кілікіі і Азіі, спрачаючыся са Стэфанам,
10  і ня здолелі супрацьстаць мудрасьці і Духу, Якім ён гаварыў.
11  Тады падбілі мужоў сказаць: «Мы чулі яго, як гаварыў словы блюзьнерскія на Майсея і Бога».
12  І падбурылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў, і, стаўшы, схапілі яго, і прывялі ў сынэдрыён.
13  І паставілі яны хлусьлівых сьведкаў, якія казалі: «Гэты чалавек не перастае гаварыць словы блюзьнерскія супраць гэтага сьвятога месца і супраць Закону,
14  бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэту зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей».
15  І ўсе тыя, што сядзелі ў сынэдрыёне, углядаючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, нібыта аблічча анёла.