Кал 3
Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце ўзгорнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога.
Пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное,
бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схаванае з Хрыстом у Богу.
Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам з Ім у славе.
Дык мярцьвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, жарсьць, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць ідалапаклонствам,
за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў непакорнасьці,
сярод якіх і вы раней хадзілі, калі жылі між імі.
А цяпер вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, ліхоту, блюзьнерствы, брыдкаслоўе з вуснаў вашых;
не хлусіце адзін аднаму, распрануўшыся са старога чалавека з учынкамі ягонымі
10  і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобразу Таго, Хто яго стварыў,
11  дзе няма Грэка і Юдэя, абразаньня і неабразаньня, барбара, Скіфа, слугі, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос.
12  Дык апраніцеся, як выбраныя Божыя, сьвятыя і ўлюбёныя, у міласэрнасьць, ласкавасьць, пакору, ціхасьць, доўгацярплівасьць,
13  церпячы адзін аднаго і прабачаючы адзін аднаму, калі хто на каго мае крыўду, як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы.
14  А па-над усё [апраніцеся] ў любоў, якая ёсьць вузел дасканаласьці,
15  і няхай гаспадарыць у сэрцах вашых супакой Божы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, і будзьце ўдзячныя.
16  Слова Хрыстовае няхай жыве ў вас багата, у-ва ўсякай мудрасьці; навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, у ласцы сьпяваючы Госпаду ў сэрцах вашых.
17  І ўсё, што вы робіце, словам або справаю, усё [рабіце] ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу.
18  Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, як прыстойна ў Госпадзе.
19  Мужы, любіце жонак і ня будзьце для іх прыкрымі.
20  Дзеці, слухайцеся бацькоў у-ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.
21  Бацькі, не зьнеахвочвайце дзяцей вашых, каб яны не гублялі духа.
22  Слугі, у-ва ўсім слухайцеся паноў паводле цела, не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але ў шчырасьці сэрца, баючыся Бога.
23  І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як для Госпада, а не для людзей,
24  ведаючы, што ад Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.
25  А хто робіць крыўду, атрымае паводле зробленае крыўды, бо няма [ў Бога] ўзіраньня на аблічча.