Экл 5
Ня будзь хуткі вуснамі тваімі, і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымавіць слова перад абліччам Божым, таму што Бог у небе, а ты — на зямлi. Дзеля гэтага няхай словы твае будуць нешматлікімі.
Бо ад мноства заняткаў прыходзіць сон, і мноства словаў [мае] голас дурня.
Калi абяцаеш абяцаньне Богу, не марудзь выканаць яго, бо Ён ня мае ўпадабаньня да дурняў. Калі што абяцаеш — споўні.
Шмат лепш не абяцаць, чым паабяцаць і ня споўнiць.
Не дазваляй вуснам тваiм уводзiць у грэх цела сваё i не кажы перад анёлам, што гэта памылка; навошта [табе], каб Бог загневаўся на голас твой і зьнішчыў справы рук тваiх.
Бо ў мностве сноў і ў памнажэньні словаў — марнасьць, але ты бойся Бога!
Калi ты ўбачыш прыгнёт беднага i парушэньне суду i справядлiвасьцi ў нейкай акрузе, не зьдзіўляйся гэтым рэчам, бо высокага пільнуе вышэйшы, а над iмi — яшчэ вышэйшы.
Але карысна для зямлі ва ўсім, калі валадар дбае пра поле.
Хто любiць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любiць багацьце, той ня будзе мець прыбытку; і гэта таксама марнасьць.
10  Памнажаюцца даброцьці, памнажаюцца i тыя, што іх зьядаюць; i што за карысьць уласьнiку з гэтага, хiба, гледзячы, глядзець вачыма сваім?
11  Салодкi сон таго, хто працуе, цi мала, цi шмат ён пад’еў, але сытасьць багатага не дае яму заснуць.
12  Ёсьць лiхая нядоля, якую я бачыў пад сонцам, — багацьце, якое захоўваецца на шкоду таму, хто мае яго.
13  І загінула багацьце тое ў нешчасьлівым выпадку; і нарадзiў ён сына, і няма нiчога ў руках ягоных.
14  Бо як выйшаў ён з улоньня мацi сваёй голы, так і вернецца назад, як прыйшоў, i нiчога не забярэ рукою сваёю з таго, што прыйшло праз цяжкую працу ягоную.
15  I гэта таксама ліхая нядоля: якім прыйшоў, такім i адыйдзе, і якая карысьць яму з таго, што працаваў на вецер?
16  Таксама ўсе днi свае ён еў у цемры, у смутку вялiкiм, у немачы i прыкрасьці.
17  Вось што я ўбачыў, што добра i прыгожа [чалавеку] есьцi i пiць, i бачыць добры [плод] кожнай цяжкай працы сваёй, якой працаваў пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго, якое даў яму Бог; бо гэта доля ягоная.
18  Таксама калі якому чалавеку Бог даў багацьце i маёмасьць, i даў ўладу спажыць гэта, і браць частку сваю, i радавацца з цяжкай працы сваёй, дык гэта дар Божы.
19  Бо ня будзе ён шмат памятаць пра дні жыцьця свайго, таму Бог дае радасьць у сэрца ягонае.