Гал 2
Пасьля, праз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерусалім з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта.
Хадзіў жа я паводле адкрыцьця і прадставіў ім, асабліва тым, якія лічацца [галоўнымі], Эвангельле, якое абвяшчаю сярод паганаў, ці не надарма бягу або бег?
Але і Ціт, які быў са мною, які быў Грэк, ня быў змушаны абрэзацца.
Фальшывым жа братам, якія паўкрадаліся і прыйшлі падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб зьняволіць нас,
мы ні на гадзіну не паддаліся і не падпарадкаваліся, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас.
А тыя, якія лічацца [галоўнымі], (хоць якія яны былі некалі, для мяне няма розьніцы, [бо] Бог не зважае на аблічча чалавека), тыя, якія лічацца [галоўнымі], мне нічога не пярэчылі,
але наадварот, убачыўшы, што мне даверана Эвангельле [для] неабрэзаных, як Пятру — [для] абрэзаных,
бо Той, Які дзейнічаў праз Пятра ў апостальстве ў абрэзаных, дзейнічаў і праз мяне між паганамі,
і пазнаўшы ласку, якая дадзена мне, Якуб, і Кіфа, і Ян, якія лічацца слупамі, далі мне і Барнабу правіцу супольнасьці, каб мы [ішлі] да паганаў, а яны — да абрэзаных,
10  толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што я гэтаксама і намагаўся рабіць.
11  Калі ж Пётар прыйшоў у Антыёхію, я асабіста супрацьстаў яму, таму што [варта] было ганіць [яго].
12  Бо перад тым, як прыйшлі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі; а калі яны прыйшлі, ухіляўся і аддзяляўся, баючыся абрэзаных.
13  І з ім крывадушнічалі іншыя Юдэі, так што нават Барнаба быў захоплены іхняй крывадушнасьцю.
14  Але калі я ўбачыў, што яны ня ходзяць проста паводле праўды Эвангельскай, я сказаў Пятру пры ўсіх: «Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму паганаў змушаеш жыць па-юдэйску?»
15  Мы паводле прыроды Юдэі, а не з паганаў грэшнікі,
16  ведаючы, што чалавек апраўдваецца не праз учынкі Закону, а толькі праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз учынкі Закону, бо праз учынкі Закону ня будзе апраўданае ніводнае цела.
17  А калі, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы самі аказаліся грэшнікамі, дык ці Хрыстос — служыцель грэху? Няхай ня станецца!
18  Бо калі я зноў будую тое, што зруйнаваў, сам сябе зьяўляю парушальнікам.
19  Бо праз Закон я памёр для Закону, каб жыць для Бога.
20  Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ўжо ня я жыву, але жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, жыву праз веру ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і выдаў Сябе за мяне.
21  Не адкідаю ласкі Божае. Бо калі праз Закон праведнасьць, дык Хрыстос надарма памёр.