Бц 13
І падняўся Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, і Лёт з ім, у Нэгеў.
І быў Абрам вельмі багаты статкамі, срэбрам і золатам.
І ён ішоў у падарожжы сваім з Нэгеву ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў намёт ягоны між Бэтэлем і Гаем,
да таго месца, дзе раней ён збудаваў ахвярнiк; і там клікаў Абрам імя ГОСПАДА.
Таксама Лёт, які ішоў з Абрамам, меў авечкі, валы і намёты.
І не магла зямля насіць іх, каб жылі разам, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць разам.
І была спрэчка між пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лёта. А ў той час Хананейцы і Пэрэзэі жылі ў той зямлі.
І сказаў Абрам Лёту: “Няхай ня будзе спрэчкі паміж мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, бо мы ж браты.
Ці ня ўся гэтая зямля перад табою? Прашу, адлучыся ад мяне! Калі ты ўлева, дык я — управа, а калі ты ўправа, дык я — улева”.
10  І ўзьняў Лёт вочы свае, і ўбачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, бо ўся яна была абвадняная перад тым, як зьнішчыў ГОСПАД Садом і Гамору, як сад ГОСПАДА і як зямля Эгіпецкая.
11  І выбраў сабе Лёт усю ваколіцу каля Ярдану. І рушыў Лёт на ўсход, і аддзяліліся яны адзін ад аднаго.
12  Абрам жыў у зямлі Ханаан, а Лёт жыў ў гарадах тае ваколіцы, і паставіў намёты аж да Садома.
13  А жыхары Садома былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад ГОСПАДАМ.
14  І сказаў ГОСПАД Абраму пасьля таго, як Лёт адлучыўся ад яго: “Узьнімі вочы твае і паглядзі з месца, дзе ты цяпер, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад.
15  Бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і насеньню твайму на вякі.
16  І зраблю насеньне тваё, як пясок зямлі. Калі чалавек зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё насеньне палічана будзе.
17  Устань і прайдзі па зямлі гэтай ў даўжыню і шырыню яе, бо Я дам яе табе”.
18  І паставіў Абрам намёт, і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хеўроне, і збудаваў там ахвярнiк ГОСПАДУ.