Бц 18
І зьявіўся яму ГОСПАД каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў ля ўваходу ў намёт ў сьпякоту дня.
І падняў ён вочы свае, і глянуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. І ўбачыў, і выбег ад уваходу ў намёт насустрач ім, і пакланіўся да зямлі,
і сказаў: “Госпадзе, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, прашу, не мінай слугі Свайго.
Возьмуць трохі вады, і абмыюць ногі Вашыя, і прыхінецеся пад дрэвам.
А я вазьму кавалак хлеба, і пасіліце сэрцы Вашыя, потым пойдзеце, бо дзеля гэтага вы прайшлі каля слугі Вашага”. Яны сказалі: “Зрабі так, як сказаў”.
І пасьпяшаў Абрагам у намёт да Сары, і сказаў: “Пасьпяшайся, замяшай тры меркі найлепшай мукі і зрабі аладак”.
І пабег Абрагам да быдла, і ўзяў тлустае і добрае цяля, і даў юнаку, і той хутка прыгатаваў яго.
І ўзяў масла і малака, і цяля, якое прыгатаваў, і паклаў перад абліччам Іх, і сам стаў каля Іх пад дрэвам, і яны елі.
І сказалі яму: “А дзе Сара, жонка твая?” Ён сказаў: “Вось, у намёце”.
10  А Той сказаў: “Вяртаючыся, вярнуся да цябе ў гэты час жыцьця [праз год], і вось, будзе сын ў Сары, жонкі тваёй”. А Сара слухала ля ўваходу ў намёт, які быў за ім.
11  Абрагам жа і Сара былі старыя, увайшлі ў гады, і спынілася ў Сары звычайнае жаночае.
12  І засьмяялася Сара ў сабе, кажучы: “Пасьля таго, як я састарэла, ці ж буду мець асалоду? І гаспадар мой стары”.
13  І сказаў ГОСПАД Абрагаму: “Чаму сьмяялася Сара, кажучы: “Няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я старая?”
14  Ці ж ёсьць справа, цяжкая для ГОСПАДА? У прызначаны час вярнуся да цябе ў гэты час жыцьця [праз год], і Сара будзе мець сына”.
15  І запярэчыла Сара, кажучы: “Я не сьмяялася,” бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: “Не, ты сьмяялася!”
16  І падняліся адтуль тыя мужы, і скіравалі аблічча Сваё да Садому, а Абрагам пайшоў з Імі, праводзячы Іх.
17  І ГОСПАД сказаў: “Ці ж схаваю Я перад Абрагамам, што маю зрабіць?
18  Абрагам станецца народам вялікім і магутным, і будуць дабраслаўлёныя ў ім ўсе народы зямлі.
19  Бо Я спазнаў яго, каб ён загадаў сынам сваім і дому свайму пасьля сябе, і будуць захоўваць шлях ГОСПАДАЎ, чыніць праведнасьцьт і суд, каб ГОСПАД зьдзейсьніў Абрагаму ўсё, што сказаў яму”.
20  І сказаў ГОСПАД: “Крык Садому і Гаморы вялікі, і грэх іхні вельмі цяжкі.
21  Дык зыйду і пагляджу, ці паводле крыку, які даходзіць да Мяне, учыняюць усё, ці не, і буду [гэта] ведаць”.
22  І павярнуліся тыя мужы, і пайшлі ў Садом, а Абрагам яшчэ стаяў перад абліччам ГОСПАДА.
23  І падыйшоў Абрагам, і сказаў: “Няўжо загубіш праведнага разам з бязбожным?
24  Можа, ёсьць у горадзе пяцьдзясят праведнікаў, няўжо Ты загубіш і не прабачыш гэтай мясцовасьці дзеля пяцідзесяці праведнікаў, якія ў ім?
25  Няхай будзе далёкім ад Цябе, каб Ты ўчыніў такую справу, каб забіць праведнага з бязбожным, каб праведнаму было таксама, як і бязбожнаму! Няхай будзе далёкім ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ня ўчыніць правасудзьдзя?”
26  І сказаў ГОСПАД: “Калі знайду ў Садоме пяцьдзясят праведнікаў у горадзе, дзеля іх прабачу ўсёй мясцовасьці”.
27  І адказаў Абрагам, і сказаў: “Вось жа пачаў я гаварыць да Госпада майго, хоць я — пыл і попел.
28  Можа, ня хопіць пяці да гэтых пяцідзесяці праведнікаў, няўжо дзеля нястачы пяці зьнішчыш увесь горад?” І сказаў [Госпад]: “Ня зьнішчу, калі знайду там сорак пяць”.
29  І працягваў гаварыць з Ім, і сказаў: “Можа, знойдзецца там сорак?” І Ён сказаў: “Не зраблю гэтага дзеля сарака”.
30  І сказаў ён: “Няхай ня гневаецца Госпад мой, і я буду гаварыць. Можа, знойдзецца там трыццаць?” І Ён сказаў: “Не зраблю, калі знайду там трыццаць”.
31  І сказаў ён: “Вось, я пачаў гаварыць да Госпада майго. Можа, знойдзецца там дваццаць?” І Ён сказаў: “Ня зьнішчу дзеля дваццаці”.
32  І сказаў ён: “Няхай ня гневаецца Госпад мой, і я буду гаварыць яшчэ раз. Можа, знойдзецца там дзесяць?” І Ён сказаў: “Ня зьнішчу дзеля дзесяці”.
33  І пайшоў ГОСПАД, скончыўшы гаварыць з Абрагамам, а Абрагам вярнуўся ў сваё месца.