Бц 2
І былі скончаны неба і зямля, і ўсё войска іхняе.
І скончыў Бог у сёмы дзень работу Сваю, якую зрабіў, і супачыў у сёмы дзень ад усёй работы Сваёй, якую зрабіў.
І дабраславіў Бог дзень сёмы і асьвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усёй работы Сваёй, якую стварыў Бог, робячы.
Такі вось радавод неба і зямлі, калі былі яны створаныя, у дзень, калі ГОСПАД Бог зрабіў зямлю і неба.
І не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, і ніводная палявая трава яшчэ не вырасла, бо ГОСПАД Бог не спаслаў дождж на зямлю і не было чалавека, каб абрабляць зямлю.
І пара падымалася ад зямлі, і напойвала ўсё аблічча зямлі.
І зьляпіў ГОСПАД Бог чалавека з пылу зямлі, і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дыханьне жыцьця, і стаўся чалавека душою жывою.
І пасадзіў ГОСПАД Бог сад у Эдэне, на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога зьляпіў.
І вырасьціў ГОСПАД Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на выгляд і добрае на ежу, і дрэва жыцьця ў сярэдзіне саду, і дрэва спазнаньня дабра і зла.
10  І рака выцякала з Эдэну, каб напойваць сад, і адтуль яна разьдзялялася на чатыры галоўныя [ракі].
11  Назва адной — Пішон, яна атачае ўсю зямлю Хавіля, у якой золата.
12  А золата той зямлі добрае, там бдалях і камень онікс.
13  А назва другой ракі — Гіхон, яна атачае ўсю зямлю Куш.
14  А назва трэцяй ракі — Хідэкель, яна цячэ на ўсход Асірыі; а чацьвёртая рака — Эўфрат.
15  І ўзяў ГОСПАД Бог чалавека, і зьмясьціў яго ў садзе Эдэн, каб абрабляў яго і захоўваў яго.
16  І загадаў ГОСПАД Бог чалавеку, кажучы: “З кожнага дрэва ў садзе будзеш есьці,
17  але з дрэва спазнаньня дабра і зла ня еш з яго, бо ў дзень, у які будзеш есьці з яго, сьмерцю памрэш”.
18  І сказаў ГОСПАД Бог: “Ня добра быць чалавеку аднаму; зраблю яму дапамогу, адпаведную яму”.
19  І зьляпіў ГОСПАД Бог з зямлі ўсіх зьвяроў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную душу жывую, такое і імя ёй.
20  І назваў чалавек імёны ўсёй скаціны, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх зьвяроў палявых, але для чалавека не знайшлося дапамогі, адпаведнай яму.
21  І спусьціў ГОСПАД Бог моцны сон на чалавека, і [той] заснуў. І ўзяў Ён адно з рэбраў ягоных, і закрыў целам тое месца.
22  І збудаваў ГОСПАД Бог з рабра, якое ўзяў з чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.
23  І сказаў чалавек: “Вось, на гэты раз, гэта костка з костак маіх і цела з цела майго. Яна будзе называцца жанчынаю, бо ўзятая з мужа”.
24  Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць адным целам.
25  І былі абое голыя, чалавек і жонка ягоная, і не саромеліся.