Бц 21
І ГОСПАД наведаў Сару, як сказаў; і ўчыніў ГОСПАД Сары, як гаварыў.
I зачала Сара, і нарадзіла сына Абрагаму ў старасьці ягонай, у час, пра які казаў яму Бог.
I назваў Абрагам сына свайго, які нарадзіўся яму, якога нарадзіла яму Сара, Ісаак.
I абрэзаў Абрагам Ісаака, сына свайго, на восьмы дзень, як загадаў яму Бог.
І было Абрагаму сто гадоў, калі нарадзіўся ў яго Ісаак, сын ягоны.
I сказала Сара: “Сьмех учыніў з мяне Бог. Кожны, хто пачуе, будзе сьмяяцца з мяне”.
I сказала: “Хто сказаў бы Абрагаму: “Сара будзе карміць грудзьдзю сыноў”, бо я нарадзіла сына ў старасьці ягонай”.
I вырасла дзіцятка, і было аднятае ад грудзей, і ўчыніў Абрагам вялікую гасьціну ў той дзень, калі Ісаак быў адняты ад грудзей.
I ўбачыла Сара сына Агар Эгіпцянкі, якога тая нарадзіла Абрагаму, што ён насьміхаецца,
10  і сказала Абрагаму: “Выжані гэтую нявольніцу і сына ейнага, бо ня будзе мець спадчыну сын нявольніцы гэтае з сынам маім Ісаакам”.
11  I было гэта ліхім у вачах Абрагама адносна сына ягонага.
12  I сказаў Бог Абрагаму: “Няхай ня будзе гэта ліхім у вачах тваіх адносна хлопчыка і адносна нявольніцы тваёй. У-ва ўсім, што скажа табе Сара, слухай голасу ейнага, бо ў Ісааку будзе названа табе насеньне.
13  Таксама сына нявольніцы Я зраблю народам, бо ён — насеньне тваё”.
14  І ўстаў Абрагам раніцаю, і ўзяў хлеб і мех вады, і даў Агар, і палажыў ёй на плечы, і выслаў яе разам з дзіцём. І яна пайшла, і блукала ў пустыні Бээр-Шэва.
15  I скончылася вада ў мяху, і яна пакінула дзіця пад адным з кустоў,
16  і пайшла, і села насупраць так далёка, як стрэліць з луку; бо яна сказала: “Няхай ня буду глядзець на сьмерць дзіцяці”. I сядзела насупраць, і ўзьняла голас свой, і плакала.
17  I пачуў Бог голас хлопчыкаў; і паклікаў анёл Божы да Агар з неба, і сказаў ёй: “Што з табою, Агар? Ня бойся; бо пачуў Бог голас хлопчыка з месца, дзе Ён ёсьць.
18  Устань, паднімі хлопца і трымай яго моцна рукою сваёю, бо Я зраблю яго народам вялікім”.
19  I адчыніў Бог вочы ейныя, і яна ўбачыла студню з вадою, і пайшла, і напоўніла мех вады, і дала піць хлопцу.
20  I быў Бог з хлопцам; і ён вырас, і жыў у пустыні, і быў стралец з луку.
21  І ён жыў у пустыні Паран; і ўзяла яму маці ягоная жонку з зямлі Эгіпецкае.
22  I сталася ў той час, і сказаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, Абрагаму, кажучы: “Бог з табою ва ўсім, што ты робіш.
23  I цяпер прысягні мне Богам тут, што ты ня здрадзіш ані мне, ані нашчадку майму, ані ўнуку майму, і як я чыніў міласэрнасьць табе, так ты будзеш рабіць са мною і з зямлёю, у якой ты жывеш”.
24  I сказаў Абрагам: “Прысягаю”.
25  I дакараў Абрагам Абімэлеха з прычыны студні вады, якую забралі слугі Абімэлеха.
26  I сказаў Абімэлех: “Ня ведаю я, хто ўчыніў гэтую рэч, і ты не расказваў мне, і я ня чуў нічога аж да сёньняшняга дня”.
27  I ўзяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і заключылі яны абодва запавет.
28  I паставіў Абрагам сем ягнят з чарады асобна.
29  I сказаў Абімэлех Абрагаму: “Навошта гэтыя сем ягнятаў, якіх ты паставіў асобна?”
30  I сказаў [Абрагам]: “Бо сем гэтых ягнят возьмеш ад рукі мае, каб яны былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэтую студню”.
31  Дзеля таго і названа гэтае месца Бээр-Шэва, бо там яны абодва прысягалі.
32  I заключылі запавет у Бээр-Шэве. I ўстаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, і вярнуліся ў зямлю Філістынскую.
33  I пасадзіў [Абрагам] гай у Бээр-Шэве, і клікаў там імя ГОСПАДА, Бога вечнага.
34  I жыў Абрагам у зямлі Філістынскай шмат дзён.