Бц 24
I Абрагам быў стары, і меў шмат дзён, і ГОСПАД дабраславіў Абрагама ў-ва ўсім.
I сказаў Абрагам слузе свайму, старэйшаму ў доме сваім, які меў уладу над усім, што ў яго было: “Палажы руку сваю пад сьцягно маё,
і я прывяду цябе да прысягі на ГОСПАДА, Бога неба і Бога зямлі, што ты ня возьмеш жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву,
але пойдзеш у зямлю маю і да родзічаў маіх, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку”.
I сказаў яму слуга: “Можа, не пажадае тая жанчына ісьці са мною сюды, у гэтую зямлю. Ці маю я завесьці сына твайго адсюль у тую зямлю, з якой ты выйшаў?”
I сказаў яму Абрагам: “Сьцеражыся, каб не завесьці туды сына майго.
ГОСПАД, Бог неба, Які ўзяў мяне з дому бацькі майго і з зямлі нараджэньня майго, і Які казаў да мяне, і Які прысягнуў мне, кажучы: “Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю”, — Ён пашле анёла Свайго перад абліччам тваім, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.
А калі не пажаде тая жанчына ісьці з табою, ты будзеш вызвалены ад гэтае прысягі маёй; толькі сына майго не завядзі туды”.
I палажыў слуга руку сваю пад сьцягно Абрагама, пана свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
10  I ўзяў той слуга дзесяць вярблюдоў пана свайго, і пайшоў, і ўсялякае даброцьце пана ягонага [было] ў руцэ ягонай. І ўстаў ён, і пайшоў у Арам-Нагараім, ў горад Нахора.
11  I дазволіў ён вярблюдам ўкленчыць вонкі гораду каля студні вады пад вечар, у той час, калі выходзяць чэрпаць ваду.
12  I сказаў ён: “ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Зрабі, каб сталася [ласка] мне сёньня, і ўчыні міласэрнасьць пану майму Абрагаму.
13  Вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў гораду выходзяць чэрпаць ваду.
14  Няхай станецца, што тая дзяўчына, якой я скажу: “Нахілі збан свой, і я нап’юся”, і якая скажа: “Пі, я і вярблюды твае напаю”, вось гэта тая, якую Ты прызначыў слузе Твайму Ісааку, і з гэтага пазнаю, што Ты ўчыніў міласэрнасьць пану майму”.
15  I сталася, перш, чым скончыў ён казаць, вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ў Бэтуэля, сына Мількі, жонкі Нахора, брата Абрагама, і збан ейны на плячы ў яе.
16  І [была] тая дзяўчына вельмі прыгожая з выгляду, дзяўчына, якую мужчына не пазнаў. І зыйшла яна да крыніцы, і напоўніла збан, і вярталася.
17  I пабег слуга насустрач ёй, і сказаў: “Дай мне глынуць крыху вады са збана твайго”.
18  I сказала яна: “Пі, пане мой”. I пасьпяшалася, і спусьціла збан на руку сваю, і дала яму напіцца.
19  I скончыла яна даваць яму піць, і сказала: “Таксама для вярблюдаў тваіх я буду чэрпаць, пакуль не нап’юцца”.
20  I пасьпяшалася, і выліла збан свой у карыта, і пабегла зноў да студні чэрпаць, і чэрпала для ўсіх вярблюдаў ягонымх.
21  І чалавек той моўчкі ўглядаўся на яе, каб спазнаць, ці даў ГОСПАД посьпех на шляху ягоным, ці не.
22  I сталася, як вярблюды напіліся, узяў чалавек той залатое колца ў паўсыкля вагою і два бранзалеты на рукі ейныя, вага якіх – дзесяць сыкляў золата,
23  і сказаў: “Чыя ты дачка? Скажы мне. Ці ёсьць у доме бацькі твайго месца для нас, каб начаваць?”
24  І яна сказала яму: “Я — дачка Бэтуэля, сына Мількі, якога яна нарадзіла Нахору”.
25  I сказала яму: “Таксама саломы і корму шмат у нас, а таксама месца, каб начаваць”.
26  I схіліўся чалавек той, і пакланіўся ГОСПАДУ,
27  і сказаў: “Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог пана майго Абрагама, Які не ўхіліў міласэрнасьці Сваёй і вернасьці Сваёй ад пана майго! Я — на шляху, якім прывёў мяне ГОСПАД да дому брата пана майго”.
28  I пабегла дзяўчына, і расказала дома маці сваёй пра тое, што здарылася.
29  А ў Рэбэкі [быў] брат, імя ягонае — Ляван. I пабег Ляван вонкі да таго чалавека да крыніцы.
30  I сталася, калі ўбачыў ён колца і бранзалеты на руках у сястры сваёй і пачуў словы Рэбэкі, сястры сваёй, якая сказала: “Гэтак гаварыў са мною чалавек той”, дык прыйшоў да чалавека таго, і вось, ён стаіць пры вярблюдах каля крыніцы.
31  I сказаў [Ляван]: “Увайдзі, дабраслаўлёны ГОСПАДАМ. Чаму ты стаіш на двары? Я падрыхтаваў дом і месца для вярблюдаў”.
32  I ўвайшоў чалавек той у дом. I [Ляван] расьсядлаў вярблюдаў, і даў саломы і корму для вярблюдаў, і вады, каб памыць ногі ягоныя і ногі людзей, якія з ім.
33  I паставілі перад ім есьці; а ён сказаў: “Ня буду есьці, пакуль не скажу словы свае”. I сказаў [Ляван]: “Кажы!”
34  І ён сказаў: “Я — слуга Абрагама.
35  I ГОСПАД дабраславіў пана майго вельмі, і ён стаў вялікі. І Ён даў яму авечак і валоў, і срэбра, і золата, і слугаў, і нявольніцаў, і вярблюдаў, і аслоў.
36  I нарадзіла Сара, жонка пана майго, сына пану майму пасьля, у старасьці сваёй, і ён аддаў яму ўсё, што ў яго.
37  I ўзяў з мяне прысягу пан мой, кажучы: “Не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву, у зямлі іхняй,
38  але пойдзеш у дом бацькі майго і да сям’і маёй, і возьмеш жонку сыну майму”.
39  I сказаў я пану майму: “Можа, ня пойдзе жанчына тая са мною”.
40  I сказаў ён мне: “ГОСПАД, перад абліччам Якога я хадзіў, пашле анёла Свайго з табою і дасьць посьпех на шляху тваім, і ты возьмеш жонку сыну майму з сям’і маёй і з дому бацькі майго.
41  Тады будзеш ты вызвалены ад прысягі маёй, калі прыйдзеш да сям’і маёй, і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вызвалены ад прысягі!”
42  І прыйшоў я сёньня да крыніцы, і сказаў: “ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Калі ёсьць воля Твая, дай посьпех на шляху маім, па якім іду.
43  Вось, я стаю каля крыніцы вады, і няхай будзе, што тая дзяўчына, якая выйдзе чэрпаць, і я скажу ёй: “Дай мне напіцца крыху вады са збана твайго”,
44  а яна скажа мне: “Таксама ты пі, і я таксама для вярблюдаў начэрпаю”, яна [будзе] тою жанчынаю, якую прызначыў ГОСПАД сыну пана майго”.
45  Перш чым скончыў я гаварыць у сэрцы сваім, вось, Рэбэка выйшла, і збан ейны на плячы ў яе. І зыйшла яна да крыніцы, і начэрпала; і я сказаў ёй: “Дай мне напіцца!”
46  І яна пасьпяшалася, і спусьціла збан з сябе, і сказала: “Пі, і таксама вярблюдаў тваіх я напаю”. I я піў, і вярблюдаў яна напаіла.
47  І я запытаўся ў яе і сказаў: “Чыя ты дачка?” Яна сказала: “Дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілька”. I надзеў я колца ў нос ейны, і бранзалеты на рукі ейныя.
48  I я схіліўся, і пакланіўся ГОСПАДУ, і дабраславіў ГОСПАДА, Бога пана майго Абрагама, Які прывёў мяне шляхам праўды, каб узяў я дачку брата пана майго для сына ягонага.
49  I калі вы жадаеце ўчыніць міласэрнасьць і вернасьць пану майму, скажыце мне, а калі не, скажыце мне, і я павярну направа альбо налева”.
50  I адказалі Ляван і Бэтуэль, і сказалі: “Ад ГОСПАДА выйшла слова гэтае, мы ня можам казаць табе ані ліхога, ані добрага.
51  Вось, Рэбэка перад абліччам тваім, вазьмі і пайдзі, і няхай будзе яна жонкаю сыну пана твайго, як казаў ГОСПАД”.
52  I сталася, калі пачуў слуга Абрагама словы іхныя, пакланіўся да зямлі ГОСПАДУ.
53  I выняў слуга рэчы срэбныя, і рэчы залатыя, і шаты, і даў Рэбэцы; і каштоўныя рэчы даў брату ейнаму і маці ейнай.
54  I елі, і пілі ён і людзі, якія з ім, і пераначавалі. I ўсталі раніцаю, і ён сказау: “Адпусьціце мяне да пана майго”.
55  I сказаў брат ейны і маці ейная: “Няхай застанецца з намі дзяўчына на дзён дзесяць, потым пойдзе”.
56  І ён сказаў ім: “Не затрымлівайце мяне. ГОСПАД даў посьпех на шляху маім, адпусьціце мяне, і я пайду да пана майго”.
57  I яны сказалі: “Паклічам дзяўчыну і спытаемся ў яе”.
58  I паклікалі Рэбэку, і сказалі ёй: “Ці пойдзеш з гэтым чалавекам?” Яна сказала: “Пайду!”
59  I адпусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і няньку ейную, і слугу Абрагама, і людзей ягоных.
60  I дабраславілі Рэбэку, і сказалі ёй: “Сястра наша, ты станься тысячай тысячаў, і няхай насеньне тваё успадкаеміць брамы ворагаў сваіх!”
61  I ўстала Рэбэка і служкі ейныя, і селі на вярблюдаў, і пайшлі за тым чалавекам. I ўзяў слуга Рэбэку, і пайшоу.
62  І прыйшоў Ісаак з [дарогі] ад Бээр-Ляхай-Рой, а ён жыў у зямлі Нэгеў.
63  I выйшаў Ісаак падумаць у поле пад вечар, і ўзьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, вярблюды прыходзяць.
64  I ўзьняла Рэбэка вочы свае, і ўбачыла Ісаака, і сьсела з вярблюда.
65  I сказала слузе: “Хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам?” I сказаў слуга: “Гэта пан мой”. I яна ўзяла вэлюм, і засланілася.
66  I распавёў слуга Ісааку ўсе справы, якія ён зрабіў.
67  I ўвёў яе Ісаак у намёт Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна стала яму жонкаю, і ён кахаў яе. І суцешыўся Ісаак па маці сваёй.