Бц 29
I ўстаў Якуб на ногі свае, і пайшоў у зямлю сыноў Усходу.
I ўбачыў, і вось, студня на полі, і вось, там тры чарады авечак ляжаць каля яе, бо са студні тае паілі чароды, і вялікі камень быў на адтуліне студні.
I зьбіраліся туды ўсе чароды, і адкочвалі камень з адтуліны студні, і паілі авечкі, і зноў вярталі камень на сваё месца.
I сказаў ім Якуб: “Браты мае, адкуль вы?” I яны сказалі: “Мы з Харану”.
I ён сказаў ім: “Ці ведаеце вы Лявана, сына Нахора?” І яны сказалі: “Ведаем”.
I ён сказаў ім: “Ці добра ён маецца?” І яны сказалі: “Добра. А вось, Рахель, дачка ягоная, прыйшла з авечкамі”.
I ён сказаў: “Вось, яшчэ вялікі дзень [наперадзе]; ня час зьбіраць статак; напаіце авечкі, і ідзіце, і пасьвіце”.
А яны сказалі: “Ня можам, аж пакуль не зьбяруцца ўсе чароды, і не адкоцяць камень з адтуліны студні, і тады напоім авечкі”.
Яшчэ ён гаварыў з імі, і вось, Рахель прыйшла з авечкамі бацькі свайго, бо яна пасьвіла [іх].
10  I сталася, калі ўбачыў Якуб Рахель, дачку Лявана, брата маці сваёй, і авечкі Лявана, брата маці сваёй, падыйшоў Якуб, і адкаціў камень з адтуліны студні, і напаіў авечкі Лявана, брата маці сваёй.
11  I пацалаваў Якуб Рахель, і ўзвысіў голас свой, і заплакаў.
12  I распавёў Якуб Рахелі, што ён брат бацьку ейнаму, і што ён сын Рэбэкі. I яна пабегла, і распавяла бацьку свайму.
13  I сталася, калі пачуў Ляван навіну пра Якуба, сына сястры сваёй, выбег яму насустрач, і абняў яго, і пацалаваў яго, і прывёў яго ў дом свой, і ён распавёў Лявану пра ўсе падзеі.
14  I сказаў яму Ляван: “Вось, ты — костка мая і цела маё”. I жыў у яго цэлы месяц.
15  I сказаў Ляван Якубу: “Хоць ты брат мой, ці ж будзеш служыць мне задарма? Скажы мне, якая плата твая?”
16  А ў Лявана былі дзьве дачкі, імя старэйшае — Лея, а імя малодшае — Рахель.
17  Вочы Леі былі кволыя, а Рахель была прыгожая пастацьцю і прыгожая абліччам.
18  I пакахаў Якуб Рахель, і сказаў: “Я буду служыць табе сем гадоў за Рахель, дачку тваю малодшую”.
19  I сказаў Ляван: “Лепш, калі я аддам яе за цябе, чым аддам за іншага чалавека. Жыві са мною”.
20  I служыў Якуб за Рахель сем гадоў, і былі яны ў вачах ягоных як некалькі дзён, бо ён кахаў яе.
21  I сказаў Якуб Лявану: “Дай жонку маю, бо споўніліся дні мае, і я пайду да яе”.
22  I сабраў Ляван усіх людзей таго месца, і справіў гасьціну.
23  I быў вечар, і ўзяў ён Лею, дачку сваю, і ўвёў яе да яго, і той увайшоў да яе.
24  I даў Ляван Зільпу, нявольніцу сваю, Леі, дачцэ сваёй, за нявольніцу.
25  I сталася раніцаю, што вось, гэта Лея. I сказаў [Якуб] Лявану: “Што ты зрабіў мне? Ці не за Рахель я служыў у цябе? Чаму ж ты ашукаў мяне?”
26  I сказаў Ляван: “Ня робіцца так у нашай мясцовасьці, каб малодшую выдаваць перад старэйшай.
27  Споўні тыдзень з гэтай, і дам табе таксама тую, за якую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем іншых гадоў”.
28  I зрабіў Якуб так, і споўніў тыдзень з гэтай. I [Ляван] даў Рахель, дачку сваю, яму за жонку.
29  I даў Ляван Рахелі, дачцэ сваёй, Більгу, нявольніцу сваю, за нявольніцу для яе.
30  I ўвайшоў [Якуб] да Рахелі, і кахаў таксама Рахель больш за Лею; і служыў у яго яшчэ сем іншых гадоў.
31  I бачыў ГОСПАД, што зьненавіджана Лея, і адчыніў улоньне ейнае, а Рахель была бясплодная.
32  I зачала Лея, і нарадзіла сына, і назвала імя яго Рубэн, бо сказала: “Бо ўбачыў ГОСПАД гора маё, бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой”.
33  I зачала яна ізноў, і нарадзіла сына, і сказала: “Бо пачуў ГОСПАД, што я зьненавіджана, і даў мне гэтага [сына]”. I назвала імя ягонае Сымон.
34  I зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: “Цяпер, гэтым разам прытуліцца муж мой да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў”. І таму назвала імя ягонае Левій.
35  I зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: “Гэтым разам я буду славіць ГОСПАДА”. І таму назвала імя ягонае Юда, і перастала нараджаць.