Бц 35
I сказаў Бог Якубу: “Устань, узыйдзі ў Бэтэль, і жыві там, і зрабі там ахвярнік Богу, Які зьявіўся табе, калі ты ўцякаў ад аблічча Эзава, брата твайго”.
I сказаў Якуб дому свайму і ўсім, якія [былі] з ім: “Аддзяліце [ад сябе] багоў чужых, якія сярод вас, і ачысьціцеся, і зьмяніце адзеньні вашыя,
і ўстаньма, і ўзыйдзем у Бэтэль, і я зраблю там ахвярнік Богу, Які адказаў мне ў дзень нядолі маёй і быў са мною ў дарозе, якой я ішоў”.
I аддалі Якубу ўсіх багоў чужых, якія былі ў руках іхніх, і завушніцы, што былі ў вушах іхніх; і закапаў іх Якуб пад дубам, які каля Сыхему.
I вырушылі яны. I быў жах Божы на гарадах, што [былі] ў той ваколіцы, і ня гналіся яны за сынамі Якуба.
I прыйшоў Якуб у Люз, які ў зямлі Ханаан, ён жа Бэтэль, сам і ўвесь народ, які з ім.
I пабудаваў ён там ахвярнік, і назваў гэтае месца Эль-Бэт-Эль, бо там зьявіўся яму Бог, калі ён уцякаў ад аблічча брата свайго.
I памерла Дэвора, нянька Рэбэкі, і была пахаваная ніжэй Бэтэлю пад дубам, і названа імя ягонае “Дуб плачу”.
I зьявіўся Бог Якубу ізноў пасьля прыходу ягонага з Падан-Араму, і дабраславіў яго.
10  I сказаў яму Бог: “Імя тваё Якуб. Ня будзе ўжо называцца імя тваё Якуб, але Ізраіль будзе імя тваё”. I назваў яго імя Ізраіль.
11  I сказаў яму Бог: “Я — Бог Ўсемагутны! Пладзіся і памнажайся! Народ і зграмаджэньне народаў будзе з цябе, і валадары выйдуць з паясьніцы тваёй.
12  І зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ісааку, Я дам табе, і насеньню твайму пасьля цябе Я дам зямлю гэтую”.
13  I ўзыйшоў ад яго Бог з месца, на якім гаварыў з ім.
14  I паставіў Якуб слуп на месцы, на якім [Бог] гаварыў з ім, слуп каменны, і ўзьліў на яго ўзьліваньне, і ўзьліў на яго алей.
15  I назваў Якуб імя месца, на якім Бог гаварыў з ім, Бэтэль.
16  I вырушыў з Бэтэлю. I быў яшчэ кавалак зямлі, каб прыйсьці да Ефраты; і нарадзіла Рахель, і цяжкія былі роды.
17  I сталася, што яна нараджала з вялікім болем, і сказала ёй павітуха: “Ня бойся, бо таксама гэта сын у цябе”.
18  I сталася, калі выходзіла з яе душа, бо яна памірала, яна назвала імя ягонае Бэн-Оні, а бацька ягоны назваў яго Бэн’ямін.
19  I памерла Рахель, і была пахаваная пры дарозе ў Ефрату, гэта Бэтлеем.
20  I паставіў Якуб слуп над магілай ейнай. Гэта слуп магільны Рахелі да сёньня.
21  I вырушыў [адтуль] Ізраіль, і паставіў намёт свой за Мігдаль-Эдэрам.
22  I сталася, калі жыў Ізраіль у зямлі той, пайшоў Рубэн, і лёг з Більгай, наложніцай бацькі свайго. I пачуў [пра гэта] Ізраіль. I было сыноў Якуба дванаццаць.
23  Сыны Леі: першародны Якуба Рубэн, Сымон, Левій, Юда, Ісахар і Завулён.
24  Сыны Рахелі: Язэп і Бэн’ямін.
25  I сыны Більгі, нявольніцы Рахелі: Дан і Нэфталі.
26  I сыны Зільпы, нявольніцы Леі: Гад і Асэр. Гэта сыны Якуба, якія нарадзіліся ў яго ў Падан-Араме.
27  I прыйшоў Якуб да Ісаака, бацькі свайго, у Мамрэ, у Кірыят-Арбу, гэта значыць у Хеўрон, дзе жылі Абрагам і Ісаак.
28  I было дзён Ісаака сто восемдзясят гадоў.
29  I супачыў Ісаак, і памёр, і быў далучаны да народу свайго, стары і насычаны днямі, і пахавалі яго Эзаў і Якуб, сыны ягоныя.