Бц 40
І сталася пасьля гэтых падзеяў, зграшылі чашнік валадара Эгіпецкага і пекар перад панам сваім, перад валадаром Эгіпецкім.
I загневаўся фараон на двух урадоўцаў сваіх, на начальніка чашнікаў і на начальніка пекараў,
і аддаў іх пад варту ў дом начальніка варты, у вязьніцу, месца, дзе Язэп быў вязьнем.
I прызначыў начальнік варты Язэпа да іх, і ён служыў ім. I былі яны шмат дзён пад вартаю.
I сьнілі ў адну ноч яны абодва кожны свой сон, кожны [сьніў] са значэньнем сон свой, чашнік і пекар, якія былі ў валадара Эгіпецкага і якія былі ўвязьненыя ў вязьніцы.
I прыйшоў да іх Язэп раніцай, і ўбачыў іх, і вось, яны засмучаныя.
I спытаўся ён у ўрадоўцаў фараона, што былі пад вартаю з ім у доме пана ягонага, кажучы: “Чаму абліччы вашыя сёньня [маюць] благі выгляд?”
I сказалі яны яму: “Сьнілі мы сон, а растлумачыць [яго] няма каму”. I сказаў ім Язэп: “Ці ж ня ў Бога тлумачэньне [сну]? Распавядзіце мне”.
I распавёў начальнік чашнікаў сон свой Язэпу, і сказаў яму: “У маім сьне, вось, вінаградная лаза перада мною.
10  I на вінаграднай лазе — тры галінкі. І яна, калі вырасла, разквітнела квеценьню сваёй, насьпелі гронкі вінаграду ейнага.
11  I келіх фараона ў руцэ маёй, і я ўзяў вінаградныя ягады, і выціснуў іх у келіх фараона, і даў келіх ў рукі фараона”.
12  I сказаў яму Язэп: “Гэта тлумачэньне яго: тры галінкі — гэта тры дні.
13  Праз тры дні падніме фараон галаву тваю, і верне цябе на месца тваё, і ты будзеш даваць келіх фараону ў руку ягоную паводле ранейшага звычаю, калі ты быў чашнікам ягоным.
14  Толькі ўзгадай пра мяне, калі будзе табе добра; і зьяві мне міласэрнасьць, узгадай пра мяне перад фараонам, і вывядзі мяне з гэтага дому,
15  бо я крадзьма ўкрадзены з зямлі Гебраяў, і таксама тут нічога не зрабіў, за што б пасадзіць мяне ў вязьніцу”.
16  I ўбачыў начальнік пекараў, што ён добра патлумачыў, і сказаў Язэпу: “Я таксама сьніў, і вось, тры кашы плеценыя на галаве маёй.
17  I ў кашы верхнім — усялякая ежа фараона, вырабленая пекарам; і птушкі елі яе з каша на галаве маёй”.
18  I адказаў Язэп, і сказаў: “Гэта тлумачэньне яго: тры кашы — гэта тры дні.
19  Праз тры дні падніме фараон галаву з цябе, і павесіць цябе на дрэве; і птушкі будуць есьці цела тваё з цябе”.
20  I стаўся на трэйці дзень дзень нараджэньня фараона, і ён справіў бяседу для ўсіх слугаў сваімх, і падняў галаву начальніка чашнікаў і галаву начальніка пекараў сярод слугаў сваіх,
21  I вярнуў начальніка чашнікаў на ягонае месца чашніка, і ён даў келіх ў руку фараону.
22  А начальніка пекараў павесіў, як патлумачыў ім Язэп.
23  I не ўзгадаў начальнік чашнікаў пра Язэпа, і забыўся пра яго.