Бц 45
I ня мог Язэп больш вытрываць пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычаў: “Вывядзіце ўсіх людзей ад мяне!” I не застаўся ніхто пры ім, калі Язэп адкрыўся братам сваім.
I голасна заплакаў, і пачулі Эгіпцяне, і пачуў дом фараона.
I сказаў Язэп братам сваім: “Я — Язэп! Ці бацька мой яшчэ жывы?” I не маглі браты ягоныя адказаць яму, бо напалохаліся перад абліччам ягоным.
I сказаў Язэп братам сваім: “Наблізьцеся, калі ласка, да мяне”. Яны наблізіліся. І ён сказаў: “Я — Язэп, брат ваш, якога вы прадалі ў Эгіпет.
Але цяпер не сумуйце, і няхай ня будзе жалю ў вачах вашых, што вы прадалі мяне сюды, бо дзеля захаваньня жыцьця паслаў мяне Бог перад вамі;
Бо вось, два гады голаду на зямлі, і яшчэ пяць гадоў, у якія нельга будзе ані араць, ані жаць.
I паслаў мяне Бог перад вамі, каб пакінуць з вас рэшту на зямлі і захаваць жыцьцё вашае збаўленьнем вялікім.
I цяпер ня вы паслалі мяне сюды, але Бог, і Ён паставіў мяне як бацьку фараону і як пана ў-ва ўсім доме ягоным, і я кірую ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
Пасьпяшайцеся, і ўзыйдзіце да бацькі майго, і скажыце яму: “Гэтак сказаў сын твой, Язэп: “Бог паставіў мяне панам над усім Эгіптам. Прыйдзі да мяне, не марудзь.
10  I будзеш жыць у зямлі Гашэн; і будзеш блізка каля мяне, ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, і авечкі твае, і валы твае, і ўсё, што тваё.
11  I я буду карміць цябе там, бо яшчэ пяць гадоў голаду, каб не згалеў ты, і дом твой, і ўсё, што тваё”.
12  I вось, бачаць вочы вашыя, і вочы брата майго Бэн’яміна, што вусны мае прамаўляюць да вас.
13  I распавядзіце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Эгіпце і пра ўсё, што вы бачылі; і пасьпяшайцеся, і прывядзіце бацьку майго сюды”.
14  I ўпаў ён на шыю Бэн’яміну, брату свайму, і плакаў; і Бэн’ямін плакаў на шыі ягонай.
15  I цалаваў ён усіх братоў сваіх, і плакаў над імі. I потым размаўлялі з ім браты ягоныя.
16  I пачулі вестку ў доме фараона, якая казала: “Прыйшлі браты Язэпа”. І добра гэта было ў вачах фараона і ў вачах слугаў ягоных.
17  I сказаў фараон Язэпу: “Скажы братам сваім: “Зрабіце гэтак: абладуйце [збожжам] жывёлу сваю, і ідзіце, і прыйдзіце ў зямлю Ханаан,
18  і вазьміце бацьку свайго, і сем’і свае, і прыйдзіце да мяне; і я дам вам добрую зямлю Эгіпту, і вы будзеце есьці тлустасьць зямлі гэтай”.
19  А ты загадаеш: “Зрабіце гэтак: вазьміце сабе з зямлі Эгіпецкае вазы для дзяцей вашых і жонак вашых, і вазьміце бацьку вашага, і прыходзьце.
20  I вочы вашыя няхай не шкадуюць прыладаў вашых, бо дабро ўсёй зямлі Эгіпецкай — для вас”.
21  I зрабілі так сыны Ізраіля. I даў ім Язэп вазы паводле загаду фараона, і даў ім сілкаваньня на дарогу.
22  І ўсім, кожнаму з іх, ён даў зьмену адзеньня, а Бэн’яміну даў трыста срэбнікаў і пяць зьменаў адзеньня.
23  А для бацькі свайго паслаў дзесяць аслоў, абладаваных даброцьцямі з Эгіпту, і дзесяць асьліцаў, абладаваных збожжам і хлебам, і ежаю для баьці свайго на дарогу.
24  I адаслаў ён братоў сваіх, і яны пайшлі. I сказаў ім: “Не сварыцеся ў дарозе”.
25  I ўзыйшлі яны з Эгіпту, і прыйшлі ў зямлю Ханаан да Якуба, баьці свайго.
26  I паведамілі яму, кажучы: “Яшчэ жывы Язэп, і ён кіруе ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай”. I не ўзварухнулася сэрца ягонае, бо ён не паверыў ім.
27  I прамовілі яму ўсе словы Язэпа, якія ён прамовіў ім, і ўбачыў ён вазы, якія прыслаў Язэп, каб прывезьці яго, і ажыў дух Якуба, бацькі іхняга.
28  I сказаў Ізраіль: “Досыць! Яшчэ жыве Язэп, сын мой! Пайду і ўбачу яго, перш, чым памру”.