Бц 50
I ўпаў Язэп на аблічча бацькі свайго, і плакаў над ім, і цалаваў яго.
I загадаў Язэп слугам сваім лекарам забальсамаваць бацьку ягонага; і забальсамавалі лекары Ізраіля.
I прайшло сорак дзён, бо столькі вымагаецца дзён на бальсамаваньне. I плакалі па ім Эгіпцяне семдзясят дзён.
I мінулі дні плачу па ім, і прамовіў Язэп дому фараона, кажучы: “Калі я знайшоў ласку ў вачах вашых, кажыце, калі ласка, у вушы фараону, кажучы:
“Бацька мой узяў з мяне прысягу, кажучы: “Вось, я паміраю. У магіле маёй, якую я выкапаў у зямлі Ханаан, там пахавай мяне”. I цяпер я ўзыйду, і пахаваю бацьку свайго, і вярнуся”.
I сказаў фараон: “Узыйдзі і пахавай бацьку твайго, як ён узяў у цябе прысягу”.
I ўзыйшоў Язэп хаваць бацьку свайго; і ўзыйшлі з ім усе слугі фараона, старшыні дому ягонага, і ўсе старшыні зямлі Эгіпецкае,
і ўвесь дом Язэпа, і браты ягоныя, і дом бацькі ягонага. Толькі дзяцей сваіх, і авечак сваіх, і валоў сваіх пакінулі ў зямлі Гашэн.
I ўзыйшлі з ім таксама калясьніцы і вершнікі, і быў табар вельмі вялікі.
10  I прыйшлі яны ў Гарэн-Гаатад на другім баку Ярдану, і галасілі там галашэньнем вялікім і вельмі жалосным; і ўчыніў [Язэп] жалобу па бацьку сваім сем дзён.
11  I ўбачылі жыхары зямлі той, Хананейцы, жалобу ў Гарэн-Гаатадзе, і сказалі: “Гэта вялікая жалоба ў Эгіпцян!” Дзеля гэтага назвалі імя яго: Абэль-Міцраім, які на другім баку Ярдану.
12  I зрабілі сыны [Якуба] з ім так, як ён загадаў ім.
13  I занесьлі яго сыны ягоныя ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры на полі Махпэля, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасьць на пахаваньне ў Эфрона Хета, насупраць Мамрэ.
14  I вярнуўся Язэп пасьля пахаваньня ім бацькі свайго ў Эгіпет, ён і браты ягоныя, і ўсе, што ўзыходзілі з ім хаваць бацьку ягонага.
15  I бачылі браты Язэпа, што памёр бацька іхні, і сказалі: “А што, калі зьненавідзіць нас Язэп і адплачваючы, адплаціць нам за ўсё тое ліха, якое мы яму зрабілі?”
16  I загадалі яны сказаць Язэпу, кажучы: «Бацька твой загадаў перад сьмерцю сваёю, кажучы:
17  “Гэтак скажыце Язэпу: “Даруй, прашу, правіну братоў тваіх і грэх іхні, бо ліха зрабілі яны табе”. I цяпер даруй, прашу, слугам Бога бацькі твайго”». I плакаў Язэп дзеля [гэтых] словаў да яго.
18  I прыйшлі таксама браты ягоныя, і ўпалі перад абліччам ягоным, і сказалі: “Вось, мы — слугі для цябе”.
19  I сказаў ім Язэп: “Ня бойцеся! Хіба я замест Бога?
20  I вы надумалі ліха супраць мяне, але Бог надумаў гэта на дабро, каб зрабіць так, як ёсьць сёньня, каб захаваць жыцьцё вялікаму народу.
21  І цяпер ня бойцеся, я буду карміць вас і дзяцей вашых”. I суцяшаў іх, і прамаўляў да сэрцаў іхніх.
22  I пасяліўся Язэп у Эгіпце, ён і дом бацькі ягонага. І жыў Язэп сто дзесяць гадоў.
23  I бачыў Язэп у Эфраіма сыноў да трэйцяга пакаленьня, таксама сыны Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на каленях Язэпа.
24  I сказаў Язэп братам сваім: “Я паміраю, але Бог, наведваючы, наведае вас і вывядзе вас з зямлі гэтай у зямлю, пра якую прысягаў Абрагаму, Ісааку і Якубу”.
25  I ўзяў Язэп прысягу ў сыноў Ізраіля, кажучы: “Бог, наведваючы, наведае вас, і вы вынясіце косткі мае адгэтуль”.
26  I памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. I забальсамавалі яго, і палажылі ў дамавіну ў Эгіпце.