Гебр 2
Дзеля гэтага мусім асабліва зважаць на чутае, каб не адпасьці.
Бо калі сказанае праз анёлаў слова было цьвёрдае, і ўсякае парушэньне і непаслухмянасьць даставалі справядлівую адплату,
як мы ўцячэм, калі занядбалі такое вялікае збаўленьне, якое спачатку было сказанае Госпадам, зацьверджана ў нас ад тых, якія чулі,
якім засьведчыў Бог праз знакі, і цуды, і розныя сілы, і праз раздаваньне Духа Сьвятога паводле волі Яго?
Бо не анёлам падпарадкаваў Ён будучы сусьвет, пра які гаворым.
Засьведчыў жа нехта недзе, кажучы: «Што ёсьць чалавек, што Ты ўзгадваеш яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?
Крыху Ты панізіў яго перад анёламі, даў яму вянок славы і пашаны і паставіў яго па-над творамі рук Тваіх;
усё падпарадкаваў Ты пад ногі яго». Бо калі падпарадкаваў яму ўсё, нічога не пакінуў непакорным яму. Але цяпер мы яшчэ ня бачым, каб усё было падпарадкавана яму,
а бачым Ісуса, Які крыху быў паніжаны перад анёламі, Які праз пакуту сьмерці атрымаў вянок славы і пашаны, каб з ласкі Божае пакаштаваў сьмерці за ўсіх.
10  Бо трэба было, каб Той, дзеля Якога ўсё і праз Якога ўсё, ведучы многіх сыноў у славу, Начальніка збаўленьня іхняга праз пакуты ўчыніў споўненым.
11  Бо і Той, Які асьвячае, і тыя, якія асьвячаюцца, усе — з Аднаго; дзеля гэтай прычыны Ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
12  «Паведамлю імя Тваё братам Маім, пасярод царквы засьпяваю Табе».
13  І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «Вось, я і дзеці, якіх даў мне Бог».
14  Дык калі дзеці сталіся супольнікамі цела і крыві, і Ён таксама мае ўдзел у іх, каб праз сьмерць зьнішчыць таго, хто мае ўладу над сьмерцю, гэта ёсьць д’ябала,
15  і вызваліць тых, якія дзеля страху сьмерці праз усё жыцьцё падлягалі няволі.
16  Бо, сапраўды, не анёлаў Ён прыймае, але насеньне Аўраамавае прыймае.
17  Дзеля гэтага Ён павінен быў у-ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласьцівым і верным Першасьвятаром перад Богам дзеля перамольваньня за грахі народу.
18  Бо таму, што Сам Ён, спакушаны, цярпеў, можа тым, якія спакушаныя, дапамагчы.