Як 5
Паслухайце цяпер вы, багатыя! Галасіце і плачце дзеля няшчасьцяў вашых, якія прыходзяць!
Багацьце вашае згніло, і шаты вашыя моль стачыла.
Золата вашае і срэбра паржавела, і іржа іхняя сьведчыць супраць вас і зьесьць цела вашае, як агонь. Вы сабралі сабе скарб на апошнія дні.
Вось плата, якой вы пазбавілі работнікаў, што пажалі палі вашыя, кліча, і лямант жняцоў дайшоў да вушэй Госпада Магуцьцяў.
Вы мелі раскошу на зямлі і жылі ў распусьце; вы насыцілі сэрцы вашыя, быццам на дзень, калі будзеце на зарэз.
Вы асудзілі, забілі Праведнага; Ён не супрацьстаў вам.
Дык будзьце доўгацярплівымі, браты, да прыйсьця Госпада. Вось, земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі, і дзеля яго доўгацярплівы, аж пакуль атрымае дождж раньні і позьні.
Будзьце доўгацярплівымі і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прыйсьце Госпада набліжаецца.
Не наракайце, браты мае, адзін на аднаго, каб ня быць асуджанымі. Вось, Судзьдзя стаіць перад дзьвярыма.
10  За прыклад злыбедаў і доўгацярплівасьці вазьміце, браты мае, прарокаў, якія гаварылі ў імя Госпада.
11  Вось, мы шчасьлівымі называем тых, якія вытрывалі. Вы чулі пра цярплівасьць Ёва і ведаеце канец [яго] ад Госпада, бо Госпад вельмі спагадлівы і міласэрны.
12  Дык перш за ўсё, браты мае, не прысягайцеся ані небам, ані зямлёю, ані якою другою прысягаю, але няхай будзе ў вас «Так, так» і «Не, не», каб вам не папасьці пад суд.
13  Мае цяжкасьці нехта з вас? Няхай моліцца. Бадзёры хто? Няхай псальмы сьпявае.
14  Захварэў хто з вас? Няхай пакліча старостаў царквы, і няхай тыя памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Госпада,
15  і малітва веры збавіць нямоглага, і Госпад падыме яго; і калі ён грахі ўчыніў, будзе адпушчана яму.
16  Вызнавайце адзін аднаму грахі і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі. Шмат можа дзейсная просьба праведніка!
17  Ільля быў чалавек, падобны да нас, і малітваю памаліўся, каб не ішоў дождж, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў.
18  І ізноў памаліўся, і неба дало дождж, і зямля ўзрасьціла плод свой.
19  Браты, калі хто з вас ухіліўся ад праўды, і нехта наверне яго,
20  няхай ведае, што той, які навярнуў грэшніка з памылковага шляху ягонага, збавіць душу ад сьмерці і прыкрые мноства грахоў.