Ян 8
Ісус жа пайшоў па гару Аліўную.
Нараніцы Ён ізноў прыйшоў у сьвятыню, і ўвесь народ ішоў да Яго. І сеўшы, Ён вучыў іх.
Тут кніжнікі і фарысэі прыводзяць да Яго жанчыну, злоўленую на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
кажуць Яму: «Настаўнік, гэтая жанчына злоўленая на чужалостве.
Майсей жа ў Законе загадаў нам гэткіх каменаваць. А Ты што скажаш?»
Казалі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. А Ісус, нізка нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: «Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе».
І, зноў нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшыняў, аж да апошніх. І застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
10  Ісус выпрастаўся, і, ня бачачы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: «Жанчына! Дзе тыя, хто абвінавачваў цябе? Ніхто не асудзіў цябе?»
11  Яна сказала: «Ніхто, Госпадзе!» Ісус жа сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы».
12  Тады ізноў сказаў Ісус да іх, кажучы: «Я — сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця».
13  Тады фарысэі сказалі Яму: «Ты Сам пра Сябе сьведчыш, непраўдзівае сьведчаньне Тваё».
14  Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, праўдзівае сьведчаньне Маё, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.
15  Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога.
16  А калі Я і суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які паслаў Мяне.
17  І ў Законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек праўдзівае.
18  Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне».
19  Тады сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Адказаў Ісус: «Вы ня ведаеце ані Мяне, ані Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».
20  Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі навучаў у сьвятыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная.
21  Зноў жа сказаў ім Ісус: «Я іду, і будзеце шукаць Мяне; і паўміраеце ў грэху вашым. Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце».
22  Юдэі ж казалі: «Ці не заб’е Ён Сябе Сам, бо кажа: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”?»
23  І сказаў Ён ім: «Вы — з нізу, а Я — з вышыні; вы — з гэтага сьвету, Я — ня з гэтага сьвету.
24  Таму сказаў Я вам, што вы паўміраеце ў грахах вашых; бо калі не паверыце, што Я гэта, паўміраеце ў грахах вашых».
25  Тады яны сказалі Яму: «Хто ж Ты?» І сказаў ім Ісус: «Адпачатны, як і кажу вам.
26  Шмат маю казаць пра вас і судзіць, але Той, Які паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету».
27  Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
28  Тады сказаў ім Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога ня раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
29  І Той, Які паслаў Мяне, разам са Мною. Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму».
30  Калі ён гаварыў гэтае, многія паверылі ў Яго.
31  Тады сказаў Ісус Юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі застанецеся ў слове Маім, дык сапраўды вы — вучні Мае.
32  І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас».
33  Яму адказалі: «Мы — насеньне Абрагама і нікому не былі нявольнікамі ніколі. Як жа Ты кажаш: “Станецеся вольнымі”?».
34  Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху.
35  Але нявольнік не жыве ў доме вечна, сын застаецца вечна.
36  Дык вось, калі Сын вызваліць вас, праўдзіва станецеся вольнымі.
37  Ведаю, што вы — насеньне Абрагама, але вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо слова Маё не зьмяшчаецца ў вас.
38  Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага».
39  Яны адказалі і сказалі Яму: «Бацька наш — Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі дзеці Абрагама, дык рабілі б справы Абрагама.
40  А цяпер вы шукаеце, каб забіць Мяне, Чалавека, Які сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
41  Вы робіце справы бацькі вашага». Тады сказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя; аднаго Айца маем, Бога».
42  Ісус тады сказаў ім: «Калі б Бог быў ваш Айцец, дык вы любілі б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
43  Чаму вы не разумееце гаворкі Маёй? Бо ня можаце чуць слова Маё.
44  Ваш бацька — д’ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён — хлус і бацька хлусьні.
45  А калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне.
46  Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі ж Я кажу праўду, чаму вы ня верыце Мне?
47  Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога».
48  Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты — Самаранін, і дэмана маеш?»
49  Адказаў Ісус: «Я дэмана ня маю, але Я шаную Айца Майго, а вы зьневажаеце Мяне.
50  Але Я не шукаю Сваёй славы; ёсьць Той, Хто шукае і судзіць.
51  Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, ня ўбачыць сьмерці на вякі».
52  Тады сказалі Яму Юдэі: «Цяпер мы ведаем, што маеш дэмана. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто захавае слова Маё, не пакаштуе сьмерці на вякі.
53  Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр, і прарокі памерлі? Кім Ты Сябе робіш?»
54  Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе праслаўляю, дык слава Мая — нішто. Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён — Бог ваш.
55  І вы не спазналі Яго, а Я ведаю Яго, і калі скажу, што ня ведаю Яго, буду падобны да вас хлус. Але Я ведаю Яго і захоўваю слова Ягонае.
56  Абрагам, бацька ваш, рады быў бачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».
57  Тады сказалі Яму Юдэі: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»
58  Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш, чым Абрагам быў, Я ёсьць».
59  Узялі тады камяні, каб кінуць у Яго, але Ісус схаваўся і выйшаў са сьвятыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей.