Лк 23
І, падняўшыся, усё мноства іх павяло Яго да Пілата.
І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Гэтага знайшлі мы, што Ён псуе народ і забараняе плаціць падаткі цэзару, называючы Сябе Хрыстом Валадаром».
А Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ён жа, адказваючы яму, прамовіў: «Ты кажаш».
А Пілат сказаў першасьвятарам і натоўпам: «Я не знаходжу аніякае віны ў гэтым Чалавеку».
А яны настойвалі, кажучы, што Ён падбухторвае народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль.
Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: «Ці ж гэты Чалавек — Галілеец?»
І, даведаўшыся, што Ён з-пад улады Ірада, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў у Ерусаліме.
А Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, які Ён учыніць.
І пытаўся ў Яго многімі словамі, а Ён нічога не адказваў яму.
10  А першасьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы Яго.
11  Ірад жа з жаўнерамі сваімі, пагардзіўшы Ім і пазьдзекваўшыся з Яго, апрануў Яго ў сьветлае адзеньне і паслаў Яго да Пілата.
12  І сталіся ў той дзень Пілат і Ірад сябрамі, бо раней мелі варожасьць між сабою.
13  Пілат жа, склікаўшы першасьвятароў, і начальнікаў, і народ,
14  сказаў ім: «Вы прывялі да мяне Чалавека гэтага, як таго, хто адварочвае народ; і вось я, пры вас дапытваючы, не знайшоў у Чалавеку гэтым ніякай віны, у якой вы Яго абвінавачваеце.
15  І таксама Ірад, бо я пасылаў вас да яго, і вось, нічога ня знойдзена ў Ім, вартага сьмерці.
16  Таму, пакараўшы Яго, вызвалю».
17  А яму трэба было на сьвята вызваліць ім аднаго [вязьня].
18  А ўсё мноства закрычала, кажучы: «Вазьмі Яго! А нам вызвалі Бараббу!»
19  А той быў кінуты ў вязьніцу за паўстаньне, якое ён учыніў у горадзе, і забойства.
20  Тады Пілат ізноў прамовіў, хочучы вызваліць Ісуса.
21  А яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»
22  Ён жа трэці раз сказаў ім: «Якое зло Ён учыніў? Аніякай сьмяротнай віны я не знайшоў у Ім; дык пакараўшы Яго, вызвалю».
23  Яны ж дамагаліся моцным голасам, просячы, каб Яго ўкрыжавалі. І перамаглі галасы іхнія і першасьвятароў.
24  І Пілат прысудзіў, каб сталася паводле просьбы іхняй:
25  вызваліў ім таго, хто за паўстаньне і забойства быў кінуты ў вязьніцу, якога яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.
26  І як вялі Яго, узяўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
27  А за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчынаў, якія плакалі і галасілі па Ім.
28  Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі Ерусалімскія! Ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых,
29  бо вось прыходзяць дні, калі скажуць: “Шчасьлівыя няплодныя, і чэравы, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі”.
30  Тады пачнуць гаварыць горам: “Упадзіце на нас”, і ўзгоркам: “Прыкрыйце нас!”
31  Бо калі з зялёным дрэвам гэтае робяць, дык з сухім што станецца?»
32  Вялі ж з Ім на сьмерць і двух іншых злачынцаў.
33  І калі прыйшлі на месца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, а другога — з левага боку.
34  Ісус жа сказаў: «Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць». А тыя, што дзялілі шаты Ягоныя, кінулі жэрабя.
35  І стаяў народ, гледзячы. Насьмяхаліся ж разам з імі і начальнікі, кажучы: «Другіх збаўляў, няхай жа Сябе Самога збавіць, калі Ён — Хрыстос, Выбранец Божы».
36  Зьдзекваліся з Яго і жаўнеры, падыходзячы, і прыносячы Яму воцат,
37  і кажучы: «Калі Ты — Валадар Юдэйскі, збаў Сябе Самога».
38  І быў над Ім надпіс, напісаны пісаньнямі грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі: «Гэта — Валадар Юдэйскі».
39  Адзін з павешаных злачынцаў блюзьніў на Яго, кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, збаў Сябе і нас».
40  Адказваючы, другі забараняў яму, кажучы: «Ці ж ты не баішся Бога, бо і сам маеш такі самы прысуд?
41  І мы сапраўды справядліва, бо атрымалі вартае таго, што мы зрабілі, а Ён нічога благога не зрабіў».
42  І сказаў Ісусу: «Узгадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!»
43  І сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: сёньня будзеш са Мною ў раі».
44  А было каля шостае гадзіны, і сталася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае,
45  і зацьмілася сонца, і заслона ў бажніцы была разьдзертая пасярэдзіне.
46  І ўсклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: «Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой». І, сказаўшы гэтае, аддаў духа.
47  Сотнік жа, убачыўшы ўсё, што сталася, праславіў Бога, кажучы: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў праведнік».
48  І ўвесь натоўп, які зграмадзіўся на гэта відовішча, бачачы, што здарылася, варочаўся, б’ючы сябе ў грудзі.
49  А ўсе знаёмыя з Ім і жанчыны, якія ішлі за Ім з Галілеі, стаялі здалёк, гледзячы на гэта.
50  І вось чалавек на імя Язэп, які быў ратманам, чалавек добры і праведны,
51  які не згаджаўся з радай і ўчынкам іхнім, з Арыматэі, гораду Юдэйскага, які таксама чакаў Валадарства Божага,
52  прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса,
53  і, зьняўшы Яго, абкруціў палатнінаю і палажыў Яго ў магіле, якая была высечаная ў скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пахованы.
54  Дзень быў днём прыгатаваньня, і надыходзіла субота.
55  І жанчыны, што былі прыйшоўшы з Ім з Галілеі, пайшлі глядзець магілу і як было пакладзена цела Ягонае.
56  А вярнуўшыся, падрыхтавалі духмянасьці і міра. І ў суботу супачывалі паводле прыказаньня.