Лк 7
Калі ж Ён скончыў усе словы Свае ў слых народу, увайшоў у Капэрнаум.
У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьмерці.
Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу ягонага.
І яны, прыйшоўшы да Ісуса, дужа прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэтае,
бо ён любіць наш народ і пабудаваў нам сынагогу».
Ісус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: “Не турбуйся, Госпадзе! Бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой,
бо і сябе самога я не палічыў вартым прыйсьці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
Бо і я чалавек, які маю над сабою ўладу, і маю пад сабою жаўнераў; і кажу аднаму: “Пайдзі”, — і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, — і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, — і ён робіць».
Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, павярнуўшыся, сказаў натоўпу, які ішоў за Ім: «Кажу вам, што нават у Ізраілю не знайшоў Я гэткае веры».
10  І вярнуўшыся ў дом, пасланыя знайшлі хворага слугу паздаравеўшым.
11  І сталася пасьля гэтага, пайшоў Ён у горад, называны Наін; і з Ім ішлі многія з вучняў Ягоных і шматлікі натоўп.
12  Калі ж Ён наблізіўся да брамы гораду, вось, выносілі памёршага, адзінароднага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і вялікі натоўп з гораду ішоў з ёю.
13  І, убачыўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: «Ня плач».
14  І, падыйшоўшы, дакрануўся да пахавальных насілкаў; а тыя, што несьлі іх, затрымаліся, і Ён сказаў: «Юнача, табе кажу: Устань!»
15  І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і Ён аддаў яго маці ягонай.
16  І ўсіх ахапіў страх, і яны славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў між намі», і: «Бог адведаў народ Свой».
17  І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.
18  І паведамілі Яну вучні ягоныя пра ўсё гэтае.
19  І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам другога?»
20  А мужы [гэтыя], прыйшоўшы да Яго, сказалі: “Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам другога?”»
21  У гэтую гадзіну Ён многіх аздаравіў ад хваробаў і немачаў, і ад злых духаў, і многім сьляпым вярнуў зрок.
22  І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Пайдзіце, паведаміце Яну, што вы бачылі і чулі, што сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім дабравесьціцца.
23  І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца дзеля Мяне».
24  Калі ж пасланцы Яна пайшлі, Ён пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?
25  Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў пышным адзеньні і жывуць раскошна, знаходзяцца пры дварох валадарскіх.
26  Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
27  Ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.
28  Бо кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Яна Хрысьціцеля; але меншы ў Валадарстве Божым большы за яго.
29  І ўвесь народ, які слухаў яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым;
30  а фарысэі і законьнікі адкінулі параду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў яго».
31  Госпад жа сказаў: «Да каго прыраўняю людзей пакаленьня гэтага? І да каго яны падобныя?
32  Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы, і клічуць адзін аднаго, і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.
33  Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ані хлеба ня есьць, ані віна ня п’е, і вы кажаце: “Дэмана мае”.
34  Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і вы кажаце: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”.
35  І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе».
36  Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці разам з ім, і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
37  І вось жанчына з таго гораду, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён узьлягае ў доме фарысэя, прынесла алябастравы збанок міра,
38  і, стаўшы ззаду ля ног яго і плачучы, пачала абліваць ногі яго сьлязьмі, і выцірала валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Ягоныя, і мазала мірам.
39  Бачачы гэтае, фарысэй, які быў запрасіў Яго, сказаў сам у сабе: «Калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна — грэшніца».
40  І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Сымоне, Я маю нешта сказаць табе». Ён жа кажа: «Кажы, Настаўнік».
41  [Ісус сказаў]: «У аднаго пазычальніка былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.
42  А як яны ня мелі, чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы, каторы з іх больш узьлюбіць яго?»
43  Адказваючы, Сымон сказаў: «Думаю, што той, якому больш дараваў». Ён жа сказаў яму: «Слушна ты пастанавіў».
44  І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла ногі Мае і валасамі галавы сваёй выцерла.
45  Ты пацалунку Мне ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае цалаваць ногі Мае.
46  Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам памазала ногі Мае.
47  Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што яна шмат узьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць».
48  А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі».
49  І тыя, што ўзьлягалі з Ім, пачалі гаварыць у сабе: «Хто Ён ёсьць, што і грахі адпускае?»
50  А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».