Лк 9
Паклікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім моц і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць хваробы.
І паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць нядужых.
І сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані срэбра, і каб двух вопратак ня мелі.
І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль выпраўляйцеся;
і калі дзе ня прымуць вас, то, выходзячы з таго гораду, абтрасіце і пыл з ног вашых у сьведчаньне супраць іх».
Пайшоўшы, яны праходзілі праз мястэчкі, дабравесьцячы і аздараўляючы паўсюль.
А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што дзеялася праз Яго, і быў зьбянтэжаны, бо адны казалі, што гэта Ян устаў з мёртвых;
а другія — што Ільля зьявіўся, а іншыя — што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.
І сказаў Ірад: «Яна я сьцяў. А хто Гэты, пра Якога я чую такое?» І шукаў убачыць Яго.
10  І вярнуўшыся, апосталы расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх, пайшоў асобна ў пустыннае месца каля гораду, называнага Бэтсаіда.
11  Але народ, даведаўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, гаварыў з імі пра Валадарства Божае, і тых, якія мелі патрэбу ў аздараўленьні, аздараўляў.
12  Калі ж дзень пачаў зыходзіць, прыступіўшы да Яго, дванаццаць сказалі Яму: «Адпусьці натоўп, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя мястэчкі і вёскі, пераначавалі і знайшлі ежу, бо мы тут у пустынным месцы».
13  Ён жа сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». А яны сказалі: «У нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбы. Хіба што мы, пайшоўшы, купім ежы для ўсіх гэтых людзей?»
14  Бо іх было пяць тысячаў чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: «Рассадзіце іх шэрагамі па пяцьдзясят».
15  І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
16  Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і зірнуўшы ў неба, дабраславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі натоўпу.
17  І елі, і насыціліся ўсе; і назьбіралі пазасталых кавалкаў дванаццаць кашоў.
18  І сталася, калі Ён маліўся асобна, вучні былі з Ім, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: «Кім называе Мяне натоўп?»
19  Яны, адказваючы, сказалі: «Янам Хрысьціцелем, а іншыя — Ільлём; а іншыя — што адзін са старадаўных прарокаў уваскрос».
20  Ён жа сказаў ім: «А вы кім называеце Мяне?» Адказваючы, Пётар сказаў: «Хрыстом Божым».
21  Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць пра гэта,
22  сказаўшы, што Сын Чалавечы мусіць шмат перацярпець, і быць адкінутым старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсьне.
23  Да ўсіх жа сказаў: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і бярэ крыж свой штодзень, і ідзе за Мною.
24  Бо хто хоча збавіць душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той збавіць яе.
25  Бо якая карысьць чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, ці пашкодзіць сабе?
26  Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца, і сьвятых анёлаў.
27  Кажу вам праўдзіва, ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божага».
28  Сталася ж праз восем дзён пасьля словаў гэтых, узяўшы Пятра, Яна і Якуба, Ён узыйшоў на гару маліцца.
29  І стаўся, як Ён маліўся, выгляд аблічча Ягонага іншым, і адзеньне Ягонае сталася белым, бліскучым.
30  І вось, два мужы гутарылі з Ім, а былі гэта Майсей і Ільля,
31  якія, зьявіўшыся ў славе, гаварылі пра зыход Ягоны, што меўся споўніць у Ерусаліме.
32  Пётар жа і тыя, што з ім, былі ахопленыя сном; а прачнуўшыся, убачылі славу Ягоную і двух мужоў, якія стаялі з Ім.
33  І сталася, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётар Ісусу: «Настаўнік! Добра нам тут быць. Зробім тры намёты: адзін — Табе, адзін — Майсею, і адзін — Ільлі», — ня ведаючы, што кажа.
34  Калі ж ён гаварыў гэтае, зьявілася воблака і агарнула іх; і яны перепалохаліся, як увайшлі ў воблака.
35  І стаўся голас з воблака, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны; Яго слухайце».
36  І калі быў голас гэты, застаўся Ісус адзін. І яны замаўчалі, і нікому не абвясьцілі ў тыя дні, што бачылі.
37  І сталася на наступны дзень, як яны зыйшлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.
38  І вось нейкі чалавек з натоўпу крыкнуў, кажучы: «Настаўнік! Малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён адзінародны ў мяне.
39  І вось дух бярэ яго, і ён неспадзявана крычыць, і тузае яго з пенай; і ледзь адступае ад яго, разьбіўшы яго.
40  І я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не змаглі».
41  Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго».
42  Калі ж той падыходзіў, дэман кінуў яго і затрос; але Ісус забараніў духу нячыстаму, і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму.
43  І ўсе дзівіліся велічы Божай. Калі ж усе дзівіліся ўсяму, што ўчыніў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
44  «Палажыце ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі чалавечыя».
45  Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было закрытае ад іх, каб ня ўцяміць яго; а спытацца ў Яго пра слова гэтае яны баяліся.
46  Прыйшла ж ім думка, хто з іх быў бы большы?
47  А Ісус, убачыўшы думкі сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
48  і сказаў ім: «Хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, прыймае Таго, Які паслаў Мяне. Бо хто з вас меншы за ўсіх, той будзе вялікі».
49  Адказваючы, Ян сказаў: «Настаўнік! Мы бачылі некага, хто ў імя Тваё выганяў дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі».
50  І сказаў яму Ісус: «Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той за вас».
51  І сталася, як набліжаліся дні ўзяцьця Яго, Ён зьвярнуў аблічча Сваё ісьці ў Ерусалім,
52  і паслаў весьнікаў перад абліччам Сваім; і яны, пайшоўшы, увайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб прыгатаваць для Яго,
53  але там не прынялі Яго, бо аблічча Ягонае было скіраванае ў Ерусалім.
54  Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя Якуб і Ян сказалі: «Госпадзе! Ці хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?»
55  Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: «Ня ведаеце, якога вы духа,
56  бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубіць душы чалавечыя, але збавіць». І пайшлі ў другое мястэчка.
57  І сталася, як яны былі ў дарозе, нехта сказаў яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў, Госпадзе!»
58  І сказаў яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву прыхіліць».
59  А другому сказаў: «Ідзі за Мною». Той сказаў: «Госпадзе! Дазволь мне, адыйшоўшы, перш пахаваць бацьку майго».
60  Але Ісус сказаў яму: «Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».
61  І другі сказаў: «Я пайду за Табою, Госпадзе! Але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі».
62  Але Ісус сказаў яму: «Той, хто ўзлажыў руку сваю на плуг і аглядаецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».