Мк 16
І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якубава, і Салямэя купілі духмянасьцяў, каб пайсьці памазаць Яго.
І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, калі ўзыходзіла сонца.
І гаварылі між сабою: «Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?»
І, глянуўшы, бачаць, што камень адвалены, а быў ён надта вялікі.
І, увайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў па правым баку, адзетага ў белую шату, і напалохаліся.
А ён кажа ім: «Не палохайцеся, шукаеце Ісуса з Назарэту, укрыжаванага? Ён уваскрос. Няма Яго тут. Вось месца, дзе палажылі Яго.
Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам”».
І яны, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, і ахапіла іх трымценьне і захапленьне, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
Уваскросшы раніцаю ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў.
10  Яна, пайшоўшы, паведаміла тым, што з Ім былі, якія плакалі і галасілі.
11  Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы і яна бачыла Яго, не паверылі.
12  Пасьля гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе дваім з іх у дарозе, як ішлі ў вёску.
13  І тыя, вярнуўшыся, паведамілі іншым, але і ім не паверылі.
14  Нарэшце Ён зьявіўся Адзінаццаці, калі ўзьлягалі пры стале, і дакараў за недаверства іхняе і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага.
15  І сказаў ім: «Ідзіце на ўвесь сьвет і абвяшчайце Эвангельле ўсяму стварэньню.
16  Хто паверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны.
17  А тым, што павераць, будуць такія знакі: у імя Маё выганяць будуць дэманаў, новымі мовамі гаварыць будуць,
18  зьмеяў браць будуць, і калі што сьмяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім, на нямоглых рукі ўскладуць, і яны будуць здаровыя».
19  Госпад жа пасьля размовы з імі ўзьнёсься ў неба і сеў праваруч Бога.
20  А яны, пайшоўшы, абвяшчалі паўсюль Госпада, Які ўспамагаў іх і сьцьвярджаў словы знакамі, якія іх суправаджалі. Амэн.