Мц 7
Не судзіце, каб не былі суджаныя.
Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць.
Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш?
Ці як скажаш брату твайму: “Дазволь, выму сучок з вока твайго”, а вось, у воку тваім — бервяно?
Крывадушнік! Вымі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго.
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас.
Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень?
10  І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю?
11  Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго.
12  Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі.
13  Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх,
14  бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх.
15  Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя.
16  Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі?
17  Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя.
18  Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя.
19  Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
20  Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх.
21  Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе.
22  Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?”
23  І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне”.
24  Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале.
25  І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале.
26  А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску.
27  І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае».
28  І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага,
29  бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі.