1 Пт 4
1  Дык як Хрыстос цярпеў за нас целам, і вы ўзбройцеся такой думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць,   
2  каб рэшту часу ў целе жыць не паводле чалавечых пажаданьняў, але паводле волі Божае.   
3  Бо досыць ужо, што мы ў мінулы час жыцьця выконвалі волю паганаў, ходзячы ў бессаромнасьці, пажаданьнях, абпіваньні віном, гулянках, банкетаваньнях і агідным ідалапаклонстве.   
4  Таму яны зьдзіўляюцца, што вы не бежыцё з імі на гэты разьліў распусты, і блюзьняць.   
5  Яны дадуць справаздачу Таму, Хто гатовы судзіць жывых і мёртвых.   
6  Бо дзеля гэтага і мёртвым было дабравешчана, каб яны, суджаныя па-чалавечаму целам, жылі па-Божаму духам.   
7  А канец усяму набліжаецца. Дык будзьце пры розуме і цьвярозымі ў малітвах.   
8  А перш за ўсё мейце нязьменную любоў адзін да аднаго, бо любоў прыкрые мноства грахоў.   
9  Будзьце гасьцінныя адны да адных без нараканьняў.   
10  Служыце адзін аднаму кожны тым дарам [ласкі], які атрымаў, як добрыя аканомы разнастайнае ласкі Божае.   
11  Калі хто гаворыць — як словы Божыя; калі хто служыць — па сіле, якую дае Бог, каб у-ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.   
12  Улюбёныя! Не зьдзіўляйцеся пажару, які стаецца дзеля спакусы вам, як бы нешта дзіўнае здарылася.   
13  Але, як супольнікі ў пакутах Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў адкрыцьці славы Ягонай радавацца і весяліцца.   
14  Калі зьневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасьлівыя, бо Дух славы, Дух Божы супачывае на вас. Тыя блюзьняць [на Яго], а вы славіце.   
15  Абы толькі не цярпеў хто з вас мукі як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або той, хто квапіцца на чужое;   
16  а калі як Хрысьціянін, не саромся, але слаў Бога за гэткі ўдзел.   
17  Бо час пачацца суду ад дому Божага. А калі спачатку ад нас, дык які канец тых, якія не скарыліся Эвангельлю Божаму?   
18  І калі праведны ледзьве збавіцца, дык бязбожнік і грэшнік дзе апынуцца?   
19  Так што тыя, якія церпяць паводле волі Божай, няхай перададуць Яму, як вернаму Творцу, душы свае, робячы дабро.