Разьдзел 30
Словы Агура, сына Якэ, выслоўі, якія сказаў чалавек гэты да Ітыэля, да Ітыэля і Укаля:
Бо я найдурнейшы між людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,
не навучыўся я мудрасьці і ведаў сьвятых ня ведаю.
Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у жменю сваю? Хто зьвязаў воды ў адзежу? Хто ўмацаваў усе канцы зямлі? Якое імя яго і якое імя сына ягонага, ці ведаеш ты?
Усе словы Бога чыстыя [ад дамешкаў], Ён — шчыт для тых, што маюць у Ім надзею.
Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе і ня стаўся ты падманшчыкам.
Дзьве рэчы прашу ў Цябе, не адмаўляй мне перш, чым памру:
Марнасьць і слова хлусьлівае аддалі ад мяне, ані беднасьці, ані багацьця не давай мне, сыць мяне хлебам, вызначаным для мяне,
каб я, насыціўшыся, ня выракся Цябе і не сказаў: «Хто ГОСПАД?», або каб, зьбяднеўшы, ня стаў красьці і ганьбіць імя Бога майго.
10  Не ачарняй слугі перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты ня стаўся вінаватым.
11  [Ёсьць] пакаленьне, якое праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваю,
12  пакаленьне, якое чыстае ў вачах сваіх, але не абмытае ад бруду свайго,
13  пакаленьне, у якога пыхлівыя вочы і павекі ўзьнятыя,
14  пакаленьне, у якога зубы — мячы, а сківіцы — нажы, каб есьці ўцісьнёных на зямлі і гаротных між людзей.
15  У п’яўкі дзьве дачкі: «давай» і «давай». Вось тры ненасытныя і чатыры, якія ня скажуць: «Досыць»:
16  адхлань і чэрава няплоднае, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «Досыць».
17  Вока, якое зьдзекуецца з бацькі і пагарджае паслухмянасьцю маці, выдзяўбаюць груганы над ракою і зьядуць арляняты.
18  Вось тры [рэчы], дзіўныя для мяне, і чатырох не разумею:
19  шляху арла ў небе, шляху зьмяі на скале, шляху карабля сярод мора і шляху мужчыны да дзяўчыны.
20  Такі самы шлях жанчыны чужаложнай: зьела, абцёрла вусны свае і кажа: «Я не зрабіла благога».
21  Дзеля трох трасецца зямля, і чатырох яна зьнесьці ня можа:
22  слугі, калі ён валадарыць, бязглуздага, калі ён насычаецца хлебам,
23  ганебнай жанчыны, калі яна замуж выходзіць, і нявольніцы, калі яна спадкуе па гаспадыні сваёй.
24  Вось чатыры малыя на зямлі, але яны мудрэйшыя за мудрых:
25  мурашкі — народ ня моцны, але летам назапашваюць хлеб свой,
26  горныя мышы — народ не магутны, але стаўляюць дамы свае на скале,
27  няма валадара ў саранчы, але ўсе выходзяць шыхтавана,
28  павук лапкамі чапляецца, але вось, ён у палацы валадара.
29  Вось трое крочаць паважна, і чацьвёра паважна ходзяць:
30  леў, магутнейшы між зьвярамі, ні перад кім не саступае,
31  конь асядланы, і казёл, і валадар, супраць якога ніхто не паўстане.
32  Калі вывышаешся бяздумна або калі задумаў ліхое, [палажы] руку сваю на вусны.
33  Бо хто зьбівае малако, атрымае масла, і хто ўдарыць у нос, атрымае кроў, а хто выклікае гнеў, атрымае сварку.