Разьдзел 5
Сыне мой, зважай на мудрасьць маю, прыхілі вуха тваё да розуму майго,
каб меў ты разважлівасьць, і вусны твае захавалі веданьне.
Бо вусны распусьніцы ацякаюць мёдам, і паднябеньне яе мякчэйшае за алей,
але канец яе горкі, як палын, і востры, як меч двусечны.
Ногі ейныя да сьмерці зыходзяць, а стопы ейныя на пекла абапіраюцца.
Як яна не разумее сьцежкі жыцьця, дык хістаюцца крокі яе, і ты ня можаш ведаць іх.
Дык вось цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і не адыходзьцеся ад словаў вуснаў маіх.
Аддалі ад яе шлях твой, і не падыходзь да дзьвярэй дому яе,
каб не аддаць годнасьці сваёй іншым і гадоў сваіх — бязьлітаснаму,
10  каб не сыцелі чужынцы з сілы тваёй, і з працы тваёй — у доме чужым.
11  І будзеш ты потым стагнаць, калі будуць зьняможаныя цела тваё і сілы твае.
12  І ты скажаш: «Чаму я зьненавідзеў настаўленьне, і сэрца маё ўзгардзіла дакараньнем.
13  Ня слухаў я голасу настаўнікаў сваіх, і не прыхіляў я вуха свайго да тых, што вучылі мяне.
14  Ледзь ня трапіў я ў вялікае няшчасьце сярод грамады? і народу!»
15  Пі ваду са сваёй крыніцы, тую, што цячэ з твайго калодзежу.
16  Навошта крыніцам тваім разьлівацца на вуліцы, а ручаям цячы па плошчах?
17  Няхай яны служаць толькі табе, а не чужынцам разам з табою.
18  Няхай крыніца твая будзе дабраслаўлёная, і цешся жонкай маладосьці тваёй.
19  Яна — ланя ласкавая і сарна прыгожая, ейныя грудзі няхай поюць цябе ва ўсякую часіну, у каханьні яе мей асалоду заўсёды.
20  Навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцай і абдымаць улоньне чужаніцы?
21  Бо перад вачамі ГОСПАДА шляхі чалавека, Ён ведае ўсе крокі яго.
22  Бязбожніка схопяць ягоныя ўласныя правіны, і ён зьвязаны путамі грахоў сваіх.
23  Ён памрэ без настаўленьня і будзе блукаць дзеля вялікай глупоты сваёй.