Пс 10
Чаму стаіш здалёк, ГОСПАДЗЕ, хаваешся ў часе трывогі?
Бязбожнік у пыхлівасьці сваёй перасьледуе ўбогага; няхай будзе ён схоплены ў зламыснасьці, якую надумаў.
Бо хваліцца бязбожнік у пажаданьнях душы сваёй, і дабраслаўляе хціўца, і грэбуе ГОСПАДАМ.
Бязбожнік у ганарыстасьці гневу свайго не шукае [Бога]. “Няма Бога!” — усе думкі ў яго.
Шляхі ягоныя пасьпяховыя ва ўсякі час; суды Твае высока аддалёныя ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх [грэбліва] дзьмухае ён.
Ён гаворыць у сэрцы сваім: “Я не пахіснуся, з пакаленьня ў пакаленьне ліха ня будзе [ў мяне]”.
Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, ашуканства і здрады; пад языком у яго — ліхота і злачынства.
Ён сядзіць у засадзе на загуменьнях, у таемным месцы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым,
ён пільнуе ў засадзе, быццам леў у схове сваім; пільнуе, каб схапіць убогага; хапае ўбогага, уцягваючы яго ў сваю сетку;
10  ён згінаецца, туліцца [да зямлі], і ад моцы ягонае гіне шмат нешчасьлівых.
11  Ён кажа ў сэрцы сваім: “Бог забыўся, схаваў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!”
12  Паўстань, ГОСПАДЗЕ, Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся пра ўцісканых!
13  Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: “Ты ня будзеш шукаць [гэтага]”?
14  Але Ты бачыш, Ты глядзіш на ліхоту і гора, каб даць [аднагароду] рукою Сваёю. Табе пакідае [свой лёс] нешчасьлівы; Ты быў дапамогай сіраце.
15  Зламай рамяно бязбожніку і ліхотніку, шукай беззаконьне ягонае, каб больш яго было нельга знайсьці.
16  ГОСПАД — Валадар на вякі вечныя; пагане счэзнуць з зямлі Ягонай.
17  Ты пачуў жаданьне ўцісканых, ГОСПАДЗЕ! Ты ўмацуеш сэрцы іхнія, Ты прыхіліш вуха Тваё,
18  каб даць суд сіраце і пакрыўджанаму, каб больш не палохаў іх чалавек на зямлі!