Пс 116
Люблю ГОСПАДА, бо Ён пачуў голас мой і маленьне маё,
бо Ён прыхіліў да мяне вуха Сваё ў дзень, калі я клікаў [Яго].
Ахапілі мяне путы сьмерці; мукі пякельныя адшукалі мяне; я знайшоў трывогу і смутак.
І паклікаў я імя ГОСПАДА: “Збаў, прашу, ГОСПАДЗЕ, душу маю!”
Літасьцівы ГОСПАД і праведны, наш Бог міласьцівы.
ГОСПАД захоўвае неразумных; і калі зьнемагаю, Ён ратуе мяне.
Вярніся, душа мая, да супачынку твайго, бо ГОСПАД робіць добрае табе.
Бо Ты выратаваў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёзаў, ногі мае — ад падзеньня.
Буду хадзіць перад абліччам ГОСПАДА ў зямлі жывых.
10  Я веру, дык гавару: “Я моцна прыгнечаны”.
11  Я сказаў у зьбянтэжанасьці маёй: “Усе людзі хлусяць!”
12  Што я вярну ГОСПАДУ за ўсе дабрадзействы Ягоныя для мяне?
13  Келіх збаўленьня ўзьніму і імя ГОСПАДА буду клікаць.
14  Абяцаньні мае ГОСПАДУ споўню перад усім народам Ягоным.
15  Каштоўная ў вачах ГОСПАДА сьмерць багабойных Ягоных.
16  О ГОСПАДЗЕ! Я ж слуга Твой, я — слуга Твой, сын служкі Тваёй! Ты разьбіў кайданы мае.
17  Табе ахвярую ахвяру падзякі і імя ГОСПАДА буду клікаць.
18  Абяцаньні мае ГОСПАДУ споўню перад усім народам Ягоным,
19  у панадворках дому ГОСПАДАВАГА, пасярод цябе, Ерусаліме! Альлелюя!