Пс 124
1  Сьпеў узыходжаньня. Давіда. Калі б не было з намі ГОСПАДА, — скажы, прашу, Ізраіль, —
2  калі б не было з намі ГОСПАДА, калі паўстаў супраць нас чалавек,
3  тады яны б нас жывымі праглынулі, як гнеў іхні распаліўся на нас,
4  тады б воды нас затапілі, струмень заліў бы душы нашыя,
5  тады б воды бурлівыя залілі б душы нашыя.
6  Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які не аддаў нас зубам іхнім, як здабычу.
7  Душа наша ўцякла, быццам птушка з сіла птушкалова; сіло парванае, і мы ўцяклі!
8  Дапамога нашая — у імені ГОСПАДА, Які стварыў неба і зямлю.