Пс 126
Сьпеў узыходжаньня. Калі ГОСПАД вярнуў палонных Сыёну, мы былі як у сьне.
Былі тады нашыя вусны поўныя сьмеху, і язык наш — сьпяваньня. Казалі тады між паганамі: “Вялікае ГОСПАД з імі ўчыніў!”
Вялікае ГОСПАД з намі ўчыніў, і мы былі радасныя.
Вярні, ГОСПАДЗЕ, нашых палонных, як ручаі на [зямлю] паўднёвую.
Той, хто ў сьлёзах сеяў, жаць будзе са сьпяваньнем.
Тыя, што несьлі насеньне на пасеў, ішлі плачучы, але, вяртаючыся, вернуцца са сьпяваньнем, снапы свае несучы.