Пс 130
Сьпеў узыходжаньня. З глыбіні я клічу Цябе, ГОСПАДЗЕ!
Госпадзе, пачуй голас мой! Няхай вушы Твае зважаюць на голас маленьня майго!
Калі Ты будзеш памятаць пра беззаконьні, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе мой, хто устаіць?
Бо ў Цябе прабачэньне, каб мелі страх [перад Табою].
Спадзяюся на ГОСПАДА, спадзяецца душа мая, і ў слове Ягоным маю спадзяваньне.
Душа мая [чакае на] Госпада больш, чым стораж раніцы, чым стораж раніцы.
Спадзявайся, Ізраілю, на ГОСПАДА, бо ў ГОСПАДА міласэрнасьць і шчодрасьць збаўленьня,
і Ён выбавіць Ізраіль ад ўсіх беззаконьняў ягоных.