Пс 141
1  Псальм Давіда. ГОСПАДЗЕ, клічу Цябе! Пасьпяшайся да мяне! Прыхілі вуха на голас мой, калі клічу да Цябе!
2  Няхай будзе малітва мая як кадзіла перад абліччам Тваім, а ўзьніманьне рук маіх— як дар вечаровы!
3  Пастаў, ГОСПАДЗЕ, варту вуснам маім, захоўвай дзьверы губаў маіх!
4  Ня дай прыхіліцца сэрцу майму да словаў ліхіх, да чыненьня справаў бязбожных з людзьмі злачыннымі, і няхай ня буду я есьці ласункі іхнія.
5  Няхай б’е мяне праведнік, [бо гэта] міласэрнасьць; няхай карае мяне, [бо гэта] алей для галавы, які не пашкодзіць галаве маёй; бо малітва мая — супраць ліхоты іхняй.
6  Няхай будуць скінутыя ў рукі скалы судзьдзі іхнія, і пачуюць яны словы мае, бо яны прыемныя.
7  Быццам нехта трушчыць і сячэ [дровы] на зямлі, так сыплюцца косткі нашыя ў пашчу пекла.
8  Але да Цябе, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе мой, вочы мае; у Табе я маю надзею, не зруйнуй Ты душы маёй.
9  Захавай Ты мяне ад пасткі, што яны наставілі на мяне, ад сіла, [што наставілі] злачынцы.
10  Няхай пападуцца усе разам бязбожнікі ў сеці свае, а я абміну іх.