Пс 18
Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДАВА Давіда, які выказаў ГОСПАДУ словы сьпеву гэтага ў дзень, калі ГОСПАД вызваліў яго з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла. І ён казаў:
Буду любіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сіла мая! ГОСПАД — скала мая, замчышча маё, мой Збаўца!
Мой Бог — апора мая, у Ім я маю надзею; Ён — шчыт мой, рог збаўленьня майго і ўмацаваны замак мой!
Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.
Ахапілі мяне путы сьмерці, і віры Бэліяла стурбавалі мяне;
путы пякельныя агарнулі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.
У прыгнечаньні маім клікаў я ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой перад абліччам Ягоным дайшоў да вушэй Ягоных.
І, дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны гор затрэсьліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.
Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы, вугольле распальваецца ад Яго.
10  Нахіліў Ён неба і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.
11  Ён сеў на херувіма і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.
12  Ён зрабіў цемру заслонай Сваёй, вакол Яго — намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.
13  Ад бляску перад Ім разыйшліся хмары Ягоныя, град і вугольле вогненнае.
14  І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой, град і вугольле вогненнае.
15  І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, а мноствам маланак зьбянтэжыў іх.
16  І сталі бачныя рэчышчы водаў, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.
17  Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,
18  вызваліў мяне ад ворага майго моцнага і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны былі дужэйшыя за мяне.
19  Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.
20  І Ён вывеў мяне на вольны прастор, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.
21  ГОСПАД даў мне паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх мне аднагародзіў,
22  бо я захоўваў шляхі ГОСПАДАВЫ і не адступаў бязбожна ад Бога майго;
23  бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся.
24  Я быў беззаганны перад Ім і захоўваў сябе ад беззаконьня.
25  І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх перад вачыма Ягонымі.
26  З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,
27  для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага Ты падступны,
28  бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.
29  Ты запаліш сьветач мой; ГОСПАД, Бог мой, асьветліць цемру маю.
30  Бо з Табою я атакую войскі і з Богам маім узыйду на муры.
31  Бог, беззаганны шлях Ягоны; слова ГОСПАДА чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.
32  Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА, і хто скала, акрамя Бога нашага?
33  Бог, Які падпярэзвае мяне сілай і дае беззаганнасьць шляху майму;
34  Ён робіць ногі мае як у аленя і на высачыні ставіць мяне,
35  навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць мядзяны лук.
36  І Ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая ўмацоўвала мяне, і ласкавасьць Твая памнажала мяне.
37  Ты даў прастору для кроку майго, і не хісталіся ногі мае.
38  Я перасьледаваў ворагаў маіх і даганяў іх, і не варочаўся назад, пакуль ня зьнішчыў іх.
39  Я гэтак скрышыў іх, што не маглі ўстаць; яны падалі пад ногі мае.
40  Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, Ты паваліў перада мною тых, што паўсталі супраць мяне.
41  Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзілі, я вынішчыў.
42  Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць; яны да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.
43  Я стоўк іх, як той пыл пад ветрам, як балота на вуліцы, я стаптаў іх.
44  Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву народам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.
45  На вестку [пра мяне], чуюць мяне; сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.
46  Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.
47  Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая; і няхай ўзвысіцца Бог збаўленьня майго,
48  Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,
49  выратаваў мяне ад ворагаў маіх і ўзвысіў мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне; ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.
50  Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў і імя Тваё выслаўляць.
51  Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьяўляеш міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі.