Пс 49
Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм.
Чуйце гэта, усе народы! Прыхіліце вуха, усе жыхары веку гэтага!
Як сыны паспалітыя, так і сыны знакамітыя, разам багатыя і бедныя.
Вусны мае кажуць мудрасьць, і думкі сэрца майго разважлівыя.
Прыхілю да прыповесьці вуха маё, выяўлю пры [гуках] гусьляў загадку маю:
Навошта мне баяцца ў дні няшчасьця, калі атачыла мяне беззаконьне напасьнікаў маіх,
якія спадзяюцца на сілу сваю і мноствам багацьця свайго хваляцца?
Ніхто выбавіць брата ня можа і даць за яго выкуп Богу,
(Вельмі дарагая цана за іх душу, дык зрачыся гэтага [мусіць] навекі),
10  каб ён жыў назаўсёды і ня ўбачыў парахненьня.
11  Бо [кожны] бачыць: мудрыя паміраюць, дурны і шалёны разам прападаюць, і пакідаюць іншым багацьце сваё.
12  Думкі іхнія, што дамы іхнія на вякі, сялібы іхнія — з пакаленьня ў пакаленьне, і яны сваім імем назвалі [цэлыя] землі.
13  Але чалавек у славе доўга трываць ня будзе, ён падобны да скаціны, што на зарэз.
14  Гэткі шлях іхні, тых, што пэўныя сябе, і тых, у вуснах чыіх яны даспадобы. (Сэлях).
15  Як авечкі, у пекла яны зыйдуць, сьмерць пасьвіць іх будзе, і раніцаю правыя будуць мець уладу над імі, сіла іхняя ссохне, пекла — жытло іхняе.
16  Але Бог выбавіць душу маю з рукі пекла, бо Сам возьме мяне. (Сэлях).
17  Ня бойся, калі хто багацее, калі множыцца слава дому ягонага:
18  бо, калі памрэ, нічога ня возьме з сабою, і слава ягоная ня пойдзе за ім.
19  Хоць бы за жыцьця свайго душу сваю ён дабраслаўляў, і хвалілі яго, калі добра рабіў для сябе,
20  ён пойдзе за пакаленьнем бацькоў сваіх, што ня ўбачаць ніколі сьвятла.
21  Чалавек у славе і без разуменьня падобны да скаціны, што на зарэз.