Пс 53
Кіраўніку хору: на лад сумны. Навучаньне Давіда.
Сказаў бязглузды ў сэрцы сваім: “Няма Бога! Сапсаваліся яны і агідныя рэчы робяць, няма таго, хто робіць дабро.
Бог глянуў з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які Бога шукае.
Усе адступіліся, усе разам нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма аніводнага!
Няўжо ня маюць пазнаньня ўсе злачынцы, якія народ мой зьядаюць, быццам хлеб ядуць, і Бога ня клічуць?
Там яны будуць у страху вялікім, дзе няма страху, бо Бог раскідае косткі тых, якія паставілі табар [супраць] цябе, і ты асароміш іх, бо Бог іх адкінуў.
Хто дасьць збаўленьне з Сыёну для Ізраіля? Калі Бог верне палон народу Свайго, будзе радавацца Якуб і будзе весяліцца Ізраіль!