Пс 59
Кіраўніку хору: на лад “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом [ягоны], каб яго забіць.
Выратуй мяне ад ворагаў маіх, Божа мой! Ад тых, што паўстаюць супраць мяне, абарані мяне.
Выратуй мяне ад злачынцаў і збаў мяне ад людзей крывавых.
Бо вось, яны пільнуюць у засадзе душу маю, зьбіраюцца супраць мяне моцныя, і не за правіну маю, і не за грэх мой, ГОСПАДЗЕ!
Без [ніякай] віны маёй яны зьбягаюцца і шыхтуюцца [супраць мяне]. Збудзіся, выйдзі на спатканьне мне і паглядзі!
Ты Сам, ГОСПАДЗЕ, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля, абудзіся, каб наведаць усе народы! Ня мей літасьці для ўсіх ліхадзеяў і злачынцаў! (Сэлях)
Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола.
Вось, пена [спадае] з іхніх вуснаў, у губах іхніх — мячы, бо хто гэта чуе?
Але Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш сьмяяцца з іх, Ты будзеш кпіць з усіх паганаў!
10  Моц Тваю буду шукаць у Табе, бо Бог — умацаваны замак мой!
11  Бог, Які міласэрны да мяне, у міласэрнасьці Сваёй сустрэне мяне; Бог дасьць мне ўгледзець [перамогу] над ворагамі маімі.
12  Не забівай іх, каб не забыўся народ мой! Захістай іх сілаю Тваёй і павалі іх, Госпадзе, шчыце наш!
13  Грэх вуснаў іхніх — словы на губах іхніх. Няхай злоўлены будуць у фанабэрыстасьці сваёй за праклёны і ману, што абвяшчаюць.
14  Зьнішчы іх у ярасьці, зьнішчы, няхай іх ня будзе, і няхай ведаюць, што Бог у Якубе пануе да канцоў зямлі! (Сэлях)
15  Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола.
16  Бадзяючыся, бадзяюцца яны, каб што зьесьці; і не насыціўшыся, будуць жыць.
17  А я буду сьпяваць пра моц Тваю і раніцаю буду радавацца дзеля міласэрнасьці Тваёй, бо Ты стаўся для мяне ўмацаваным замкам і прытулкам у дзень уціску майго.
18  Сіла мая, Цябе буду выслаўляць, бо Ты, Божа — умацаваны замак мой, Бог мой міласэрны!