Пс 77
Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Асафа.
Голас мой да Бога, і буду крычаць; голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне.
У дзень трывогі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнутая і не зьнемагаецца; адмаўляецца ад пацяшэньня душа мая.
Узгадваю пра Бога і стогну; енчу і зьнемагае дух мой. (Сэлях)
Ты затрымаў павекі вачэй маіх; я ўстрывожаны, і не магу гаварыць.
Разважаю пра дні старадаўныя, пра гады спрадвечныя.
Уначы ўзгадваю песьні мае, енчу ў сэрцы маім, і дапытываецца дух мой:
“Няўжо Госпад навекі адкінуў мяне і ня будзе больш спагадаць?
Няўжо назаўсёды канец міласэрнасьці Ягонай, і вестка з пакаленьня ў пакаленьне счэзла?
10  Няўжо Бог забыўся пра літасьцівасьць Сваю і спыніў ў гневе Сваім літасьць Сваю?” (Сэлях)
11  І сказаў я: “Гэта боль мой, што зьмянілася правіца Найвышэйшага.
12  Буду ўзгадваць дзеяньні ГОСПАДА; бо хачу ўзгадваць цуды Твае старадаўныя.
13  І буду разважаць пра ўсе справы Твае, і пра вялікія ўчынкі Твае буду апавядаць.
14  У сьвятасьці, Божа, шлях Твой. Які бог гэтакі вялікі, як Бог?
15  Ты — Бог, Які цуды робіць. Ты даў спазнаць народам моц Тваю.
16  Ты бараніў рамяном Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. (Сэлях)
17  Убачылі Цябе воды, Божа, убачылі Цябе воды і задрыжэлі, і затрэсьліся бяздоньні.
18  Лінулі з хмараў воды; выдалі голас аблокі, і лёталі стрэлы Твае.
19  Голас грымотаў Тваіх у віхры; маланкі сусьвет асьвятлялі; зямля трэслася і дрыжэла.
20  Праз мора ішоў шлях Твой, і сьцяжына Твая — праз воды вялікія, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаць.
21  Ты вёў народ Твой, як авечкі, рукой Майсея і Аарона.