Пс 92
Псальм. Сьпеў на дзень суботы.
Добра славіць ГОСПАДА і выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы!
Апавядаць раніцаю міласэрнасьць Тваю, і вернасьць Тваю — ўначы,
на дзесяціструнным псалтыры і на гусьлях граючы.
Бо Ты ўзьвесяліў мяне, ГОСПАДЗЕ, справамі Тваімі, творам рук Тваіх буду радавацца.
Якія вялікія ўчынкі Твае, ГОСПАДЗЕ; вельмі глыбокія думкі Твае.
Чалавек бязглузды ня будзе ведаць, і дурань не зразумее гэтага.
Калі бязбожнікі зелянеюць, як трава, і ўсе ліхадзеі квітнеюць, няхай будуць яны зьнішчаны на вякі!
А Ты, ГОСПАДЗЕ, узвышаны навекі!
10  Бо вось ворагі Твае, ГОСПАДЗЕ, бо вось ворагі Твае загінуць, і будуць расьцярушаныя ўсе ліхадзеі.
11  І Ты ўзнясеш мой рог, як у аднарога, я буду памазаны сьвежым алеем.
12  Будуць глядзець вочы мае на ворагаў маіх, і пра злачынцаў, якія паўсталі супраць мяне, пачуюць вушы мае.
13  Праведнік быццам пальма зелянее, ён расьце, як той кедр на Лібане.
14  Насаджаныя ў доме ГОСПАДА, зелянеюць на панадворках Бога нашага.
15  Яны плод свой даюць і ў старасьці, яны сакавітыя і сьвежыя,
16  каб абвяшчаць, што ГОСПАД справядлівы, скала мая, і няма ў Ім беззаконьня.