Пс 94
Божа помсты, ГОСПАДЗЕ, Божа помсты, зазьзяй!
Узьніміся, Судзьдзя зямлі, аднагародзь пыхліўцам за тое, што зрабілі яны!
Дакуль бязбожнікі, ГОСПАДЗЕ, дакуль бязбожнікі будуць радавацца?
[Дакуль] будуць плявузгаць, гаварыць дзёрзка, прамаўляць усе злачынцы.
Яны крышаць народ Твой, ГОСПАДЗЕ, прыціскаюць спадчыну Тваю.
Удоваў і прыхадняў мардуюць і сіротаў забіваюць,
і кажуць: “Ня ўбачыць гэтага ГОСПАД, і не даведаецца Бог Якубавы!”
Зразумейце, бязглуздыя з народу! І калі, бязглуздыя, паразумнееце?
Ці ж Той, Які вуха стварыў, не пачуе? Ці ж Той, Які вока ўфармаваў, ня ўбачыць?
10  Ці ж Той, Які навучае народы, ня будзе караць, Той, Які вучыць чалавека ведам?
11  ГОСПАД ведае думкі чалавечыя, што яны — марнасьць.
12  Шчасьлівы чалавек, якога Ты, ГОСПАДЗЕ, навучаеш і вучыш яго закону Твайму,
13  каб быў ён у супакоі ў дні ліхія, пакуль выкапаны будзе дол для бязбожніка.
14  Бо не адкіне ГОСПАД народ Свой, і спадчыну Сваю не пакіне.
15  Бо зьвернецца суд да справядлівасьці, і пойдуць за ім усе правыя сэрцам.
16  Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца за мяне супраць тых, што робяць злачынства?
17  Калі б ГОСПАД ня быў успамогай мне, хутка душа мая пасялілася б у [месцы] маўчаньня.
18  Калі я сказаў: “Хістаецца нага мая!”, міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, ўмацавала мяне.
19  Калі мноства цяжкіх думак у нутры маім, пацяшэньні Твае падбадзёрваюць душу маю.
20  Ці ж можа таварышаваць з Табою пасад загубы, які чыніць ліхоцьце супраць пастановы [Тваёй]?
21  Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка і кроў нявінную асуджаюць.
22  Але ГОСПАД стаўся умацаваным замкам для мяне, і Бог мой — скалой прыстанішча майго.
23  І зьверне Ён на іх злачынства іхняе, і ў ліхоце іхняй вынішчыць іх; вынішчыць іх ГОСПАД, Бог наш.