Рым 13
Усякая душа няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам, бо няма ўлады, каб не ад Бога; а ўлады, якія ёсьць, ад Бога пастаўлены.
Так што, хто працівіцца ўладзе, супрацьстаіць Божай пастанове. А тыя, якія супрацьстаяць, самі на сябе прысуд атрымаюць.
Бо начальнікі страшныя не для тых, якія добрае робяць, але благое. А хочаш не баяцца ўлады, рабі добрае, і будзеш мець пахвалу ад яе.
Бо [гэта] Божы служыцель табе на дабро. А калі робіш благое, бойся, бо ён не дарэмна носіць меч, бо ён — Божы служыцель, мсьціўца на гнеў таму, хто робіць ліхое.
Дзеля гэтага трэба падпарадкоўвацца ня толькі з увагі на гнеў, але і на сумленьне.
Бо дзеля гэтага вы і падаткі плаціце, бо яны — Божыя служыцелі, гэтым самым заўсёды занятыя.
Дык аддавайце кожнаму належнае: каму падатак — падатак, каму мыта — мыта, каму страх — страх; каму пашану — пашану.
Ня будзьце вінныя нікому нічога, апрача ўзаемнай любові, бо, хто любіць іншага, той споўніў Закон.
Бо прыказаньні «Не чужалож», «Не забівай», «Не крадзі», «Ня сьведчы фальшыва», «Не пажадай» і кожнае іншае зьмяшчаюцца ў гэтым слове: «Любі бліжняга твайго як самога сябе».
10  Любоў ня робіць благога бліжняму; дык любоў — гэта спаўненьне Закону.
11  І гэтак [рабіце], ведаючы час, што ўжо гадзіна збудзіцца нам зо-сну, бо цяпер бліжэй да нас збаўленьне, чым калі мы паверылі.
12  Ноч зыходзіць, а дзень наблізіўся, дык адкінем справы цемры і апранемся ў зброю сьвятла.
13  Як у дзень, будзем хадзіць прыстойна, не ў гулянках і п’янстве, не ў юрлівасьці і бессаромнасьці, не ў сварцы і зайздрасьці,
14  але апраніцеся ў Госпада Ісуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажаданьнях.