Адкр 10
І ўбачыў я іншага дужага анёла, які зыходзіў з неба, які быў апрануты ў воблака, і вясёлка над галавою яго, і аблічча ягонае — як сонца, і ногі ягоныя — як слупы агністыя,
і меў ён у руцэ сваёй кніжку адкрытую, і паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую — на зямлю,
і закрычаў голасам вялікім, як леў рыкае; і калі закрычаў ён, прагаварылі сем грымотаў галасамі сваімі.
І калі прагаварылі сем грымотаў галасамі сваімі, я меўся пісаць, і пачуў я голас з неба, які казаў мне: «Запячатай тое, што прагаварылі сем грымотаў, і не пішы гэтага».
І анёл, якога я бачыў, як ён стаяў на моры і на зямлі, узьняў руку сваю да неба
і пакляўся Тым, Які жыве на вякі вякоў, Які стварыў неба, і што ў ім, і зямлю, і што на ёй, і мора, і што ў ім, што часу ўжо ня будзе,
але ў дні голасу сёмага анёла, калі той мае трубіць, зьдзейсьніцца таямніца Божая, як Ён дабравесьціў слугам Сваім прарокам.
І голас, які я чуў з неба, ізноў прагаварыў да мяне і сказаў: «Ідзі, вазьмі кніжку разгорнутую ў руцэ анёла, які стаіць на моры і на зямлі».
І я падыйшоў да анёла, кажучы яму: «Дай мне кніжку». І ён кажа мне: «Вазьмі і зьеш яе; і яна стане горкаю ў тваім жываце, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд».
10  І я ўзяў кніжку з рукі анёла, і зьеў яе, і яна была ў вуснах маіх салодкая, як мёд, і калі я зьеў яе, стаў горкім жывот мой.
11  І ён кажа мне: «Ты мусіш ізноў прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і валадароў многіх».