Адкр 15
І ўбачыў я іншы знак у небе, вялікі і дзіўны: сем анёлаў, якія маюць сем плягаў апошніх, якімі мае скончыцца ярасьць Божая.
І ўбачыў я нібы мора шкляное, зьмяшанае з агнём, і тых, якія перамагалі зьвера, і вобраз ягоны, і пазнаку ягоную, і лічбу імя ягонага, якія стаяць на моры шкляным, маючы гусьлі Божыя,
і сьпяваюць сьпеў Майсея, слугі Божага, і сьпеў Ягняці, кажучы: «Вялікія і дзіўныя справы Твае, Госпадзе, Божа Ўсеўладны! Справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару сьвятых!
Хто не спалохаецца Цябе, Госпадзе, і не праславіць імя Тваё? Бо адзін Ты — Сьвяты, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо выявілася праведнасьць Твая».
І пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, адчынілася бажніца намёту сьведчаньня ў небе,
і выйшлі з бажніцы сем анёлаў, якія маюць сем плягаў, апранутыя ў ільняную вопратку, чыстую і сьветлую, і падперазаныя праз грудзі паясамі залатымі.
І адна з чатырох жывёлаў дала сямі анёлам сем чараў залатых, поўных ярасьці Бога, Які жыве на вякі вякоў.
І напоўнілася бажніца дымам ад славы Божае і ад моцы Ягонае, і ніхто ня мог увайсьці ў бажніцу, пакуль ня зьдзейсьніліся сем плягаў сямі анёлаў.