1 Цім 2
Дык перш за ўсё прашу ўзносіць просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей,
за валадароў і за ўсіх, хто пры ўладзе, каб весьці нам жыцьцё ціхае і спакойнае ў-ва ўсякай пабожнасьці і сумленнасьці,
бо гэта добра і прыемна перад Збаўцам нашым Богам,
Які хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да пазнаньня праўды.
Бо адзін Бог і адзін Пасярэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Хрыстос Ісус,
Які аддаў Сябе на адкупленьне за ўсіх, як сьведчаньне ў свой час,
дзеля Якога я пастаўлены весьнікам і апосталам, праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе.
Дык хачу, каб на ўсякім месцы маліліся мужы, узьнімаючы сьвятыя рукі бяз гневу і хістаньняў;
каб таксама і жанчыны, у сьціплай вопратцы, з сарамлівасьцю і здаровым розумам аздаблялі сябе не пляценьнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані шатамі дарагімі,
10  але добрымі ўчынкамі, як належыць жанчынам, якія абяцалі багабойнасьць.
11  Жанчына ў маўчаньні няхай вучыцца з усякай паслухмянасьцю.
12  А жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам кіравала, але каб у маўчаньні была.
13  Бо першым быў зьлеплены Адам, а пасьля — Ева;
14  і не Адам быў падмануты, а жанчына, падманутая, учыніла парушэньне,
15  але будзе збаўленая праз нараджэньне дзяцей, калі застанецца ў веры, і любові, і сьвятасьці са здаровым розумам.