Ёў 17
Дух мой зламаны, дні мае спыняюцца, [застаецца] мне [толькі] магіла.
Насьмешкі навокал мяне, і ў горычы чэзьне вока маё.
Ты Сам дай заклад за мяне, бо хто ж паручыцца за мяне, удараючы руку маю?
Бо Ты закрыў сэрца іхняе на разуменьне, дзеля таго яны не ўзьнімуцца.
Хто бліжніх сваіх ро­біць здабычай, у сыноў ягоных вочы сьцямнеюць.
Ён паставіў мяне ў прымаўку народу, і ў твар плююць мне.
Сасьлепла ад горычы вока маё, і члены цела майго сталіся нібы цень.
Праведнікі аслупянелі, бачачы гэтае, і нявінны злуецца на бязбожніка.
Аднак праведнік будзе трымацца шляху свайго, і чысты дадасьць моцы рукам сваім.
10  Дык апамятайцеся ўсе вы, і прыходзьце, але я не знаходжу між вамі нікога разумнага.
11  Дні мае прамінулі, пагубіліся думкі мае, летуценьні сэрца майго.
12  А яны ноч замяняюць на дзень, і да цемры сьвятло набліжаюць.
13  Ці магу спадзявацца, што адхлань будзе домам маім і ў цемры я пасьцялю ложак сабе?
14  Кажу дамавіне: “Ты — бацька мой!” А чарвякам: “Маці мая і сястра мая”.
15  Дык дзе ж тады надзея мая? І хто можа бачыць надзею маю?
16  У брамы адхлані зыйдзе яна, і разам са мною ў парахне супачыне».