Ёў 18
І адказаў Більдад з Шуаху, і сказаў:
«Калі пакінеце вы кідаць прамовы? Перш зразумейце, а потым будзем гаварыць.
Чаму ты нас лічыш за жывёлу, і мы нячыстыя ў вачах тваіх?
Што ты губіш душу тваю ў гневе тваім? Ці ж дзеля цябе апусьцее зямля, і з месца свайго зварухнецца скала?
Бо сьвятло бязбожніка патухне, і не застанецца зьнічкі ад агню ягонага.
Пацямнее сьвятло ў намёце ягоным, і сьветач, які ў ім, патухне.
Звузяцца крокі моцы ягонай, намер ягоны здрадзіць яго.
Ублуталіся ў сетку ногі ягоныя, і ходзіць ён паміж пастак.
Пятля зловіць нагу ягоную, і пастка сашчэпіцца над ім.
10  Схаваны на зямлі пасткі для яго, і сіло чакае яго на дарозе.
11  Палохаюць яго жахі і аблут­ваюць ногі ягоныя.
12  Зьнікае ад голаду дужасьць ягоная, і загуба падрыхтаваная рэбрам ягоным.
13  Хвароба зьесьць скуру ягоную, і зжарэ часткі цела ягонага першародны сьмерці.
14  Зьнікне надзея ягоная з намёту яго, і пагоняць яго да валадара жахаў.
15  Будзе ён жыць у намёце, але не ў сваім, і жытло ягонае будзе пасыпана серкаю.
16  Зьнізу падсечаны карані ягоныя, а зьверху вянуць галінкі ягоныя.
17  Памяць пра яго зьнікне з зямлі, і ня будзе слаўлена імя ягонае на плошчах.
18  Прагоняць яго са сьвятла ў цемру, і ўвесь сьвет будзе гнаць яго.
19  Ня будзе ані сына, ані ўнука ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў месцы вандраваньня ягонага.
20  У дзень ягоны аслупянеюць нашчадкі, і сучаснікаў ахопіць жудасьць.
21  Такое вось жытло грэшніка, і такое месца таго, хто ня ведае Бога».