Ёў 26
І адказаў Ёў, і сказаў:
«Як ты дапамог кволаму, і як падтрымаў рамяно бясьсільнае!
Якую ты даў параду нямудраму і выявіў цьвярозы розум для многіх!
Каго ты навучыў словам сваім, і які дух выходзіць з цябе?
Рэфаімы дрыжаць пад водамі, і тыя, што жывуць разам з імі.
Адхлань адкрытая перад Ім, і няма заслоны для Абадону.
Ён расьцягнуў поўнач над пусткаю і павесіў зямлю на нічым.
Ён укладае воды ў аблокі Свае, і хмары ня рвуцца ад іх [цяжару].
Ён закрывае поўню месяца і расьцягнуў над ім хмару Сваю.
10  Ён пазначыў мяжу на абліччы вады, аж да мяжы між сьвятлом і цемраю.
11  Слупы нябесныя дрыжаць і баяцца гневу Ягонага.
12  Магутнасьцю Сваёю Ён супакойвае мора, і мудрасьцю Сваёй Ён зьнішчыў Рагава.
13  Дух Ягоны распагоджвае неба, і рука Ягоная нішчыць зьмея, які ўцякае.
14  Вось такія канцы шляхоў Ягоных; і толькі слабыя словы мы чуем пра Яго. Хто можа зразумець грымоты велічы Ягонай?»