Ёў 35
І адказаў Элігу, і сказаў:
«Што ты лічыш слушным, калі ты сказаў: “Праведнасьць мая большая, чым у Бога”?
Бо ты сказаў: “Што за карысьць мне і што я атрымаю з гэтага, чым калі б я грашыў?”
Я адкажу табе словамі, і сябрам тваім з табою.
Паглядзі на неба і пабач; паглядзі на аблокі, яны вышэйшыя за цябе.
Калі ты саграшыш, што зробіш ты Яму? І калі грахі твае памнажаюцца, чым ты зашкодзіш Яму?
А калі будзеш праведны, што дасі Яму? Або што Ён атрымае з рукі тваёй?
Чалавеку, падобнаму да цябе, ліхота твая [шкодзіць], а праведнасьць твая [патрэбна] сыну чалавечаму.
Ад мноства прыгнятальнікаў яны галосяць, з прычыны [цяжкага] рамяна моцных.
10  Але [ніхто] ня кажа: “Дзе ж Бог, Які стварыў мяне, Які дае сьпевы ўначы,
11  Які вучыць нас болей, чым жывёлаў зямных, і больш, чым птушак нябесных, робіць нас мудрымі?”
12  Там яны лямантуюць, але Ён не адказвае ім з прычыны пыхлівасьці злачынцаў.
13  Толькі марноты ня слухае Бог і ня бачыць Усемагутны.
14  Хоць ты сказаў, што ня бачыш Яго, разгляд [справы] — перад абліччам Ягоным, і ты чакай на Яго.
15  І цяпер, калі не палае гнеў Ягоны, Ён не зважае зашмат на нягоднасьць.
16  Надарма Ёў адчыніў вусны свае і множыць прамовы бяздумныя».