Ёў 36
І працягваў Элігу, і сказаў:
«Пачакай мяне трохі, і я пакажу табе, што маю яшчэ словы пра Бога.
Пачну здалёк навучаньне маё, і Творцу майму аддам праведнасьць.
Бо праўдзівыя і без падману словы мае, і з табою я дасканалы ў веданьні.
Вось, Бог магутны і не адкідае нікога, Ён магутны моцай сэрца.
Ён не дае жыць бязбожніку, але дае суд убогаму.
Не адварочвае Ён ад праведных вачэй Сваіх, але саджае іх з валадарамі на пасадзе назаўжды, і яны ўзвышаюцца.
І калі яны закаваныя ў кайданы і зьвязаныя путамі гора,
Ён паказвае ім учынкі іхнія і злачынствы іхнія, што яны памножыліся.
10  І Ён адкрывае вуха іхняе, каб навучыць іх, і гаворыць ім, каб адвярнуліся ад ліхоты.
11  Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, яны пражывуць дні свае ў дабрабыце і гады свае — у прыемнасьці.
12  А калі не паслухаюцца, тады загінуць ад дзіды і памруць з нястачы веданьня.
13  Крывадушнікі склада­юць гнеў у сэрцы сваім і ня клічуць [Бога], калі Ён закоўвае іх [у кайданы].
14  У марнасьці памірае душа іхняя і жыцьцё іхняе між распусьнікамі.
15  Ён ратуе ўбогага з уціску ягонага і адкрывае вуха ягонае ў трывозе.
16  Таксама цябе Ён выбавіць з цясноты на прастору, дзе няма ўціску, і будзе поўнае тлушчу ўсё на стале тваім.
17  Але ты поўны меркаваньняў бязбожных, і чакаюць цябе суд і вырак.
18  Няхай не зьвядзе цябе гнеў, і вялікі выкуп няхай ня скрывіць [шляхоў] тваіх.
19  Ці ў няшчасьці крык твой дапаможа або намаганьні сілы тваёй?
20  Не жадай тае ночы, калі народы паднімаюцца з месцаў сваіх.
21  Сьцеражыся, каб не зьвярнуўся да злачынства, бо праз яго ты спазнаеш гора.
22  Вось, Бог узьвялічаны ў моцы Сваёй. Які настаўнік падобны да Яго?
23  Хто можа вызначыць шляхі Ягоныя? І хто можа сказаць Яму: “Ты ўчыніў зло”?
24  Памятай, каб услаўляць учынкі Ягоныя, пра якія сьпяваюць людзі.
25  Усе людзі бачаць гэта, кожны прыглядаецца здалёк.
26  Вось, Бог вялікі і перавышае веданьне нашае; лік гадоў Ягоных — неаблічальны.
27  Ён зьбірае кроплі вады, і падаюць яны дажджом з хмары Ягонай.
28  Яны цякуць з хмараў і выліваюцца на многіх людзей.
29  Хто можа разумець разьлегласьць аблокаў і грымоты намёту Ягонага?
30  Вось, Ён расьцягнуў вакол Сябе сьвятло Сваё і закрывае глыбіні мора.
31  Адтуль Ён судзіць народы, і шчодра корміць іх.
32  У руках Сваіх Ён трымае маланку і загадвае ёй, куды цэліць.
33  Грукат ейны паведамляе пра яе, нават статкі адчуваюць прыход яе.