1 Пт 2
 1  Дык адклаўшы ўсякую ліхоту, і ўсякі подступ, і крывадушнасьць, і зайздрасьць, і ўсякія абмаўляньні,   
 2  як нованароджаныя немаўляты, зажадайце чыстага слоўнага малака, каб ад яго вы расьлі,   
 3  бо вы пакаштавалі, што Госпад добры.   
 4  Падыходзячы да Яго, жывога Камяня, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага,   
 5  і самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб узносіць духоўныя ахвяры, адпаведныя Богу, праз Ісуса Хрыста.   
 6  Дзеля гэтага і зьмешчана ў Пісаньні: «Вось, Я кладу ў Сыёне кутні Камень, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».   
 7  Дык Ён для вас, якія вераць, — каштоўнасьць, а для тых, якія ня вераць, — камень, які адкінулі будаўнікі, які стаўся галавой вугла,   
 8  камень спатыкненьня і скала згаршэньня для тых, якія спатыкаюцца аб слова, не скараючыся, дзеля чаго і пакінутыя.   
 9  А вы — выбраны род, валадарнае сьвятарства, народ сьвяты, людзі, атрыманыя як удзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Які паклікаў вас з цемры ў дзіўнае сьвятло Сваё,   
 10  некалі не народ, а цяпер — народ Божы; [некалі] не мілаваныя, а цяпер — памілаваныя.   
 11  Улюбёныя, прашу вас, як прыхадняў і вандроўнікаў, высьцерагайцеся цялесных пажаданьняў, якія змагаюцца супраць душы,   
 12  і мейце добры лад жыцьця між паганамі, каб яны за тое, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, гледзячы на добрыя справы [вашыя], славілі Бога ў дзень адведзінаў.   
 13  Дык падпарадкоўвайцеся ўсякаму стварэньню чалавечаму дзеля Госпада, ці то валадару, як вышэйшай [уладзе],   
 14  ці то ваяводам, як праз яго пасыланым дзеля помсты ліхадзеям і дзеля пахвалы тым, якія робяць дабро.   
 15  Бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, прымушалі замаўчаць невуцтва неразумных людзей,   
 16  як свабодныя, і не як тыя, што свабоду маюць як падставу для ліхоты, але як слугі Божыя.   
 17  Усіх паважайце, брацтва любіце, Бога бойцеся, валадара шануйце.   
 18  Слугі, з усякім страхам падпарадкоўвайцеся ўладарам, ня толькі добрым і спагадным, але і круцельскім.   
 19  Бо гэта ласка [Божая], калі хто дзеля сумленьня Божага пераносіць смутак, церпячы несправядліва.   
 20  Бо што за слава, калі вы трываеце, як б’юць вас за грахі? Але калі робячы дабро і церпячы, трываеце, гэта ласка ў Бога.   
 21  Бо вы на гэта пакліканыя, бо і Хрыстос перацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі па сьлядах Ягоных.   
 22  Ён не зрабіў аніякага грэху, і не было подступу ў вуснах Ягоных.   
 23  Ён, зьневажаны, не зьневажаў у адказ, церпячы, не пагражаў, а перадаў [суд] Таму, Хто судзіць справядліва.   
 24  Ён грахі нашыя Сам узьнёс у целе Сваім на дрэва, каб мы, памёршы дзеля грахоў, жылі ў праведнасьці; ранамі Ягонымі вы аздароўленыя.   
 25  Бо вы былі як авечкі, што заблукалі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Епіскапа душаў вашых.